Прамова Бахарэвіча падчас уручэння прэміі ў Ляйпцыгу

У Ляйпцыгу на сцэне канцэртнай залы Гевандхаўс беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч быў уганараваны адной з найпрэстыжнейшых літаратурных прэмій Еўропы — Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй за еўрапейскае паразуменне.

Узнагароду за раман “Сабакі Эўропы” Альгерду Бахарэвічу ўручыла міністарка культуры і турызму Саксоніі Барбара Клепш. Аўтаркай laudatio — урачыстай прамовы на гонар аўтара — выступіла швейцарская літаратурная рэдактарка і крытык Зігліндэ Гайзэль. Сам аўтар таксама зрабіў прамову на нямецкай мове, беларускі пераклад якой прадставіў Reform.news, які мы перадрукоўваем цалкам.

ПРАМОВА АЛЬГЕРДА БАХАРЭВІЧА ПАДЧАС УРУЧЭННЯ ПРЭМІІ ЗА ЕЎРАПЕЙСКАЕ ПАРАЗУМЕННЕ:

Як сабака.

Як вядома, менавіта так гучаць апошнія словы Ёзэфа К. у рамане Кафкі “Працэс”. Ён гаворыць іх, калі ў каменяломні на ўскраіне гораду яму ў сэрца ўтыкаюць мясніцкі нож.

Гэтыя словы Ёзэфа К. прыйшлі мне на розум 8 красавіка 2021 году, калі я даведаўся, што новае выданне майго рамана “Сабакі Эўропы” было канфіскаванае і арыштаванае беларускай мытняй на мяжы Беларусі і Літвы.

Як сабака, падумаў я і ўсміхнуўся. Сабака Эўропы.

Мая кніга, напісаная пяццю гадамі раней, была прызнаная экстрэмісцкай літаратурай. “Экстрэмізм” — той цэтлік, які рэжым Лукашэнкі наклейвае на ўсё, што не паддаецца кантролю, на ўсё, што жывіць ягоныя страхі. “Экстрэмісцкая літаратура” — гэта значыць, што вас выкрэсліваюць са свету жывых. З гэтага моманту вашае імя будзе згадвацца выключна ў “Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Гэта адзінае месца, дзе вашае існаванне яшчэ знаходзіць хоць нейкае пацьверджанне. Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў даволі доўгі. Кніга мёртвых, якая публікуецца ў афіцыйных газетах, каб напужаць чытачоў. І іншых, пакуль яшчэ не ўнесеных у гэтую кнігу аўтараў.

Экстрэмісцкімі ў Беларусі могуць быць прызнаныя людзі, кнігі, арганізацыі. Але не толькі. Экстрэмісцкімі могуць быць асобныя словы. Напрыклад, лозунг “Жыве Беларусь”. За прапаганду гэтага выдуманага дзяржавай экстрэмізму людзі атрымліваюць вялікія турэмныя тэрміны. Наяўнасць дома забароненай кнігі, падпіска на забароненыя каналы, лайк пад “экстрэмісцкім” пастом, перавод “экстрэмістам” грошай або проста маральная падтрымка тых, хто мае іншыя погляды — усё гэта караецца турэмным зняволеннем.

Магчыма, беларускіх мытнікаў проста напужала слова “Эўропа” на вокладцы маёй кнігі. Эўропафобія беларускага рэжыму паталегічная. Яны настолькі баяцца быць Эўропай, нібы гэта злачынства. Небяспечная ерась, за якую трэба спальваць на вогнішчы. Або інфекцыя, якую неабходна спыняць на мяжы.

Вось жа, мой раман “Сабакі Эўропы” зрабіўся першым мастацкім літаратурным творам, афіцыйна забароненым у Беларусі рэжымам Лукашэнкі. Пазней беларускі выдавец “Сабакаў Эўропы” быў арыштаваны за сваю дзейнасць і 28 дзён правёў у турме. Пасля гэтага яшчэ адзін мой раман, “Апошняя кніга пана А.”, быў прызнаны экстрэмісцкім і забаронены. На сёння ўсе мае творы, афіцыйна або не, але забароненыя ў Беларусі — як і творы іншых непажаданых аўтараў. Ні мяне, ні выдаўца маіх кніг не выклікалі ў суд — усё было зроблена таемна, хутка, ананімна і, як мне падаецца, вельмі нагадвала дрэнны тэатр. Зусім як фінале рамана Кафкі.

Скрыншот з трансляцыі цырымоніі ўзнагароджання Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй

Цягам чатырох апошніх гадоў я атрымліваю паведамленні з Беларусі пра тое, што мае кнігі то спальваюць, то закапваюць у зямлю трактарам. Так бы мовіць, “з праху вы выйшлі, у прах і вернецеся”. Мае кнігі выкінутыя з усіх кнігарняў і бібліятэк. Найбуйнейшая прапагадысцкая газета працягвае фантазіраваць на тэму публічнага павешання беларускіх пісьменнікаў. Тое, што я некалі апісаў у сваім рамане, імкліва робіцца змрочнай рэальнасцю. Фашызм, які некалі быў проста нудным слоўцам з майго савецкага дзяцінства, стаў рэчаіснасцю постсавецкай Беларусі.

Год за годам у маім экзылі мне задаюць тое самае пытанне: чаму вашы кнігі такія небяспечныя для ўлады? А я задаю сабе іншае пытанне: ці чыталі цэнзары тыя кнігі, якія яны забараняюць? І ці ўмеюць яны наогул чытаць?

Цэнзура ёсць вычварэнскім мастацтвам чытання. Яе задача — знайсці шкодныя й небяспечныя словы ў тэксце кнігі.

Нават калі іх там няма.

Праблема палягае не толькі ў тым, што цэнзары кепска валодаюць ненавіснай ім беларускай мовай. Словаў, якія знаходзяць цэнзары ў маіх кнігах, там і праўда няма. Там няма ніякіх заклікаў да захопу ўлады або да рэвалюцыі. Няма абразаў непагрэшнага фюрэра. Няма ні палітычнай агітацыі, ні апазіцыйнай прапаганды.

Усё, што там ёсць, — гэта літаратура. Літаратура, якая нікому і нічому не служыць. Бо літаратура заўсёды ёсць індывідуальным актам чыстай свабоды. Больш за тое — адзінай негвалтоўнай формай свабоды. У маіх кнігах жыве іронія. Жывуць сарказм і гульня. Літаратура заўсёды — вялікая і цікавая гульня! Мае кнігі — візіі будучыні, яны пра творчую апантанасць чалавека. Мае раманы — даследаванне Мовы. І — змаганне з дыктатам мовы.

Што такое мова? — пытаюся я ў рамане. Што такое мова ўлады і што такое ўлада мовы? Што значыць быць богам і прысвойваць сабе права даваць назвы істотам, з’явам, часу? І ці можа чалавек не звар’яцець ад такой улады?

Сапраўдная літаратура гаворыць не пра Лукашэнку ці Пуціна. Сапраўдная літаратура гаворыць пра мову і пра час.

Больш за ўсё тыраны баяцца будучыні. Будучыня ёсць адзінай абсалютнай свабодай. Будучыня заўсёды азначае смерць дэспата. Сапраўдная літаратура заўсёды спрабуе бачыць рэальнасць адразу ў трох вымярэннях. Яна адначасова гаворыць з тымі, хто быў, з тымі, хто ёсць, і з тымі, хто будзе. Таму пісьменнік мусіць мець гістарычнае мысленне. Чытаць сігналы трывогі, распазнаваць небяспеку задоўга да таго, як здарыцца катастрофа.

“Сабакі Эўропы” — мая спроба распазнаць такія сігналы і зазірнуць у заўтрашні дзень Эўропы. На жаль, шмат з таго, пра што я напісаў у рамане дзевяць гадоў таму, збылося або працягвае збывацца. Расейскі Райх, апісаны мной у “Сабаках Эўропы”, кінуў свой злавесны выклік Эўропе, свабодзе, культуры, праву. Год за годам Украіна мужна супрацьстаіць расейскаму нацызму. Сёння паміж нашым вольным светам і Расейскай імперыяй — толькі ўкраінскае войска. Войска, у складзе якога супраць імперыі змагаюцца й гінуць за свабоду таксама і беларусы.

Мы не мусім здрадзіць свабодзе дзеля фікцыі міру, у імя кампрамісу з дыктатарам. Усё, што нам застаецца — трымацца эўрапейскіх каштоўнасцяў, як бы нас ні імкнуліся пераканаць, што іх час мінуў. Каштоўнасці не мяняюць у залежнасці ад волі тыранаў. Дэмакратычных імперый не існуе. Мір, дасягнуты саступкамі крамлёўскім тэрарыстам, абавязкова прынясе Эўропе новую вайну. Паветра ў маёй Эўропе дрыжыць і пахне гэтаксама, як яно дрыжала й пахла ў жніўні 1939-га.

Дзе ў гэтых вірах Беларусь? Што такое сёння мая Беларусь? Стратэгічны Лес Расейскага Райху? Прывід, што блукае па вялікім і цёмным доме сучаснай Эўропы? Пустата, якую нашыя суседзі не ведаюць, чым запоўніць? Магчыма. Але Беларусь — гэта і паўтары тысячы палітычных зняволеных, якія гадамі цярпяць гвалт і прыніжэнне. Гэта дзясяткі тысяч пакараных без віны людзей. Гэта сотні тысяч палітычных эмігрантаў. Гэта негвалтоўны супраціў тых, хто застаецца ў Беларусі. Адчайны супраціў, часцей за ўсё не бачны за межамі краіны. Але я спадзяюся, што мой раман прапануе больш складанае бачанне таго, чым ёсць Беларусь. Беларусь — гэта іншая Эўропа. Згвалтаваная, але жывая. Беларусь марыць пра волю.

Як і тысячы гадоў таму, Эўропа — гэта месца, адкуль можна ўцячы, не пакідаючы яе. У Эўропе можна застацца, не маючы магчымасці ў яе вярнуцца. Сумны эўрапейскі парадокс.

Скрыншот з трансляцыі

Што такое Эўропа — заўсёды залежыць ад мовы, на якой мы пра яе гаворым.

Я гавару, думаю, бачу сны і кашмары, і пішу кнігі на беларускай мове. Некаторыя эўрапейцы дагэтуль сумняваюцца ў яе існаванні, яны жывуць у палоне ілюзій, што на ўсход ад Польшчы ўсе размаўляюць па-расейску. А вось кожны, хто гаворыць па-беларуску, чамусці не сумняваецца ў тым, што ён эўрапеец. Беларуская мова — ацалелая мова. Мова, якая выжыла. Так, яна ацалела пасля доўгіх дзесяцігоддзяў русыфікацыі — царскай, савецкай, лукашэнкаўскай. Мова, якая яшчэ ў 1970-х была пад пагрозай знікнення, мова, якую планавалася знішчыць яшчэ да надыходу камунізму, мова, якую Лукашэнка спрабаваў забіць на сваім так званым рэфэрэндуме — гэтая мова жыве і ў XXI стагоддзі. Гэта мова — наш боль і наш скарб, наш сорам і, хто ведае, магчыма, некалі ад яе застанецца толькі маленькі след на пясках Эўропы. Але сёння мова жыве — як адзін з доказаў нашай эўрапейскай ідэнтычнасці, як найважнейшы сродак камунікацыі, як сымбаль супраціву.

Але перадусім яна працягвае жыць як мова вольнай беларускай літаратуры. Літаратуры, што нават у выгнанні спрабуе быць нечым большым за панылую скаргу ці простае дакументальнае сведчанне.

Усе кнігі размаўляюць адна з адной.

Але ці працягваюць кнігі гаварыць зь людзьмі? Ці яны размаўляюць выключна міжсобку? Ці, магчыма, толькі так званыя вялікія мовы маюць прывілей весці дыялог і вызначаць сэнсы?

Мне здаецца, што Вялікае Эўрапейскае Мастацтва Рамана сёння знаходзіцца пад пагрозай. Складанасць і паліфанія, глыбіня і эксперымент, мова і таямніца, унутраны час рамана, яго псіхалагічная сіла — усё гэта выклікае ў сучаснага чалавека ўсё меней энтузіязму. Мы паступова развучваемся чытаць. Мы страчваем мастацтва рамана як мастацтва пазнання, мы страчваем мастацтва чытання. Метафара й вобраз перастаюць дапамагаць нам разумець свет.

Старажытная і спрадвечная мова паэзіі, якая гаворыць найважнейшыя рэчы — тыя, якія людзі не могуць або баяцца сказаць — робіцца сёння мовай гарадскіх вар’ятаў. Мовай, якая вымірае. Адмаўляючыся ад раману і ад паэзіі, мы адмаўляемся быць людзьмі — настолькі, наколькі яшчэ можам імі заставацца.

Людзям патрэбныя казкі, каб быць людзьмі.

Сёння ўсё больш эўрапейцаў зноў вераць ва Утопію. Палітычную, нацыянальную, гістарычную, мастацкую і нават моўную Утопію. Ім здаецца, што змяніўшы мову, можна наблізіць грамадства да ўсеагульнага шчасця.

Але шчасце — заўсёды Утопія.

Я не веру ва Утопію. Я веру ў казку. У вялікую і мудрую Эўрапейскую Казку з яе маральнай і мастацкай сілай.

Тыя, хто сёння спрабуе пазбавіць іншых людзей права на прытулак, некалі кепска чытаў добрыя кнігі.

Нож праколвае сэрца. Літаратура робіць нас няшчаснейшымі. Але кожнага на свой капыл.

Мы ўсе роўныя толькі як чытачы навін.

Літаратура — кепскае абязбольнае, але навіна без літаратуры, думка без літаратуры — усяго толькі бессэнсоўны боль.

Казка надае болю сэнс.

Казкі жывуць доўга. Навіна — гадзіну-другую.

Казка пішацца доўга. Навіна — некалькі хвілін.

Кніга пішацца ў будучыню. Навіна — у дадзены момант.

Кожная кніга апошняя. Апошніх навін, на жаль, не бывае.

Шаноўнае спадарства,

Я хацеў бы падзякаваць гораду Ляйпцыгу, Вольнай Дзяржаве Саксоніі, Ляйпцыгскай міжнароднай кніжнай выставе і Саюзу нямецкіх кнігагандляроў за прызнанне і за гонар атрымаць гэтую высокую ўзнагароду — Ляйпцыгскую прэмію эўрапейскага паразумення.

Дзякуй Зігліндэ Гайзэль за цудоўнае лаўдацыё.

Дзякуй майму даўняму сябру і рэдактару маіх кніг, менчуку, віленчуку, беларускаму перакладчыку з Прагі Сяргею Шупу.

Дзякуй майму беларускаму выдаўцу Андрэю Янушкевічу, які прайшоў у Беларусі праз пераслед за сваю выдавецкую дзейнасць, а сёння выдае вольную беларускую літаратуру ў Варшаве.

Дзякуй цудоўнаму выдаўцу Лейфу Грайнусу, дзякуй усёй камандзе выдавецтва “Волянд унд Квіст” за прыгожа выдадзеных нямецкіх “Сабакаў Эўропы”, якіх сёння чытаюць у розных краінах.

Дзякуй маёй агентцы Марыі Шлісэр.

Дзякуй, Ігар Логвінаў. Дзякуй выдавецтву “Время”.

Дзякуй Беларускаму Свабоднаму тэатру і тэатральнай трупе ў выгнанні “Вольныя Купалаўцы”. Вы бліскуча ставілі “Сабакаў Эўропы” на сцэнах Лондану і Берліну, Парыжу і Адэлаіды, Варшавы і Любліну, а таксама майго роднага Менску — і пазнаёмілі з кнігай тысячы людзей.

Дзякуй маім сябрам Андрэасу Ростэку і Дагмар Энгель з выдавецтва edition.fototapeta ў Берліне за іх падтрымку і веру ў вольную Беларусь.

Дзякуй, дарагі Томас Вайлер, за тваю грандыёзную працу — пераклад “Сабак Эўропы” на нямецкую мову! Без твайго таленту і тваёй любові да кнігі не было б нічога.

Дзякуй цудоўнай нямецкай мове і вялікай нямецкай культуры, дзякуй Германіі, што дала мне прытулак у цёмныя часы.

Дзякуй вялікім эўрапейцам, выгнаннікам і экзылянтам: ДжойсуНабокавуГамбровічу і Кафку за тое, што некалі змянілі маё жыццё і далі мне найвялікшы ўрок свабоды.

Дзякуй маёй жонцы, пісьменніцы Юлі Цімафеевай, за яе каханне і разуменне. Некалі даўно, у Менску, ты сказала мне: напішы такую кнігу, якую хочаш ты сам. Толькі ты. Будзь вольны. І я напісаў яе. Напісаў і прыдумаў мову бальбута. На якой вітаюцца і развітваюцца двума простымі словамі. Bu samoje!

Гэта значыць: будзьма вольнымі.

Будзьма ж вольнымі.

Скрыншот з трансляцыі

Глядзець цалкам трансляцыю з цырымоніі ўзнагароджання можна па спасылцы.

Загалоўнае фота Юлі Цімафеевай