7 траўня ў Варшаве у Музеі Вольнай Беларусі падчас адмысловай цырымоніі прэміяй Анемпадыстава, якой адзначаюць найлепшы дызайн кніжнай вокладкі, была ўзнагароджана дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі “Людзі лесу”.
Журы абгрунтавала ўзнагароду так:
“За майстэрскую перадачу ідэі, зместу і вартасці выдання, што падымае цэлы пласт беларукай мінуўшчыны, праз гарманічнае спалучэнне мадэрнісцкага знака, шрыфту, геаметрычнай формы і фатаграфічнай выявы”.
Спецыяльным госцем імпрэзы стаў Лявон Вольскі, які заспяваў песні на вершы Міхала Анемпадыстава.
Прэмія Анемпадыстава была заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму. Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Сёлета да фінальнага этапу прэміі дайшло 8 вокладак, абраных у кароткі спіс прафесійным журы, уласна яны і змагаліся за званне найлепшай. У складзе журы былі: арт-мэнэджарка, заснавальніца мастацкіх галерэй Ганна Чыстасердава; журналістка-фрылансерка, фатографка Вольга Бубіч; медыямастак, вэб-распрацоўшчык Максім Тымінько; мастак, аўтар лекцый Андрэй Дурэйка; графічны дызайнер, заснавальнік дызайнерскай студыі Артур Вакараў.