Мартысевіч выдае “Сарматыю” ў двух новых варыянтах

Пяць гадоў таму выйшла першае выданне паэмы Марыі Мартысевіч “Сарматыя”, першы наклад даўно скончыўся і паэтка ініцыюе другое пашыранае выданне. Перадзамовіць можна праз Patreon аўтракі або праз адмысловую google-форму, калі вы ў Беларусі і не маеце vpn.

“Гаворка пра тэкст, які спярша публікаваўся ў фэйсбуку, здабыў прыхільнасць чытачоў, а пасля сабраў за тры дні краўдфандынгу сродкі на выданне асобнай кнігай, якая атрымала дзве літаратурныя прэміі ў Беларусі, была выдадзеная ў Аўстрыі, Расіі й Польшчы ды існуе ў выглядзе саўнддрамы SarmaTY/JA і аднайменнага музычнага альбому 2022 году Паліны Дабравольскай (Čornabrova)”, — нагадвае Марыя Мартысевіч лёс свайго твору.

Кніга будзе перавыдадзеная ў рэжыме on demand у выглядзе клепсідры: з аднаго боку можна будзе прачытаць кірылічны тэкст, а з другога боку адкрыецца “Сарматыя” лацінкай.

У дадатак, абмежаваным накладам у 45 асобнікаў будзе надрукаванае лімітаванае падарункавае выданне з паэмай “Сарматыя” на 5 мовах пад адной вокладкай і з паслямовай Андрэя Хадановіча.