На “Прадмове” ў Беластоку ўручылі прэміі Багушэвіча і Адамовіча

29 кастрычніка на фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” ў Беластоку ўручылі Літаратурныя прэмія імя Францішка Багушэвіча і імя Алеся Адамовіча, якія традыцыйна прысуджае Беларускі ПЭН.

Лаўрэаткай прэміі імя Францішка Багушэвіча, якая ўручаецца за гістарычныя працы, стала навукоўца Таццяна Астроўская за кнігу “Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)”, прысвечаную культурніцкаму змаганню з аўтарытарызмам.

Прэміяй імя Алеся Адамовіча, якая вылучае аўтараў і аўтарак найлепшых публіцыстычных твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці, сёлета была ўганаравана Ганна Кандрацюк за кнігу “У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы” — гэта зборнік рэпартажаў, якія журналістка піша пра Беласточчыну з 1990-х гадоў.

Таксама з фармулёўкай “за чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах” журы адзначыла прэміяй імя Алеся Адамовіча кнігу турэмных апавяданняў Максіма Знака “Зэкамерон”, якую беларускі юрыст напісаў у зняволенні.