У пятніцу робім агляд літаратурных публікацый тыдня: вершы, проза, пераклады, якія з’явіліся ў адкрытым доступе.
Успаміны Марка Шагала пра Віцебск. Літрадыё публікуе фрагменты з успамінаў віцебскага пісьменніка, які больш вядомы як мастак. Марк Шагал пачаў працу над гэтым тэкстам у 1914 годзе ў Віцебску, працягваў у 1922 годзе ў Маскве. Першая публікацыя адбылася ў 1925 годзе ў Нью-Ёрку ў часопісе “Цукунфт” №№ 3, 4, 7. Пераклад з ідыша спецыяльна для Літрадыё зрабіў Сяргей Шупа.
Калонка пісьменніцы Святланы Курс (Ева Вежнавец), якая прачытала сотні лістоў з архіва катынскага музея. Тэкст пра тое, як палонныя афіцэры ў 39-м пісалі сваім сем’ям пра продаж радыепрыемніка (пасля вайны будуць новыя тэхналогіі), ці смокінга, і нават як сажаць бульбу.
“Балада пра цень капітана” культавага ўкраінскага паэта Багдана-Ігара Антоныча. Новая публікацыя перакладу Ганны Янкуты для часопіса Taubin.
Падборка менскіх вершаў крытыка Ціхана Чарнякевіча: “Тэкст тыдня” на сайце часопіса “Дзеяслоў”.
Украінскі крытык Юры Валадарскі дае нырца ў (не)містычныя аповесці Уладзіміра Арлова. Замежны погляд заўжды цікавы. Ён вызначае нечаканае і чытае паміж радкоў. Пазбаўляе звычайнай зорнасці і пераглядае рэпутацыі. Але ж калі ўхваляе — дык таксама па гамбургскім рахунку.
bellit.info
Фота: Newstalk