Тэатральная група “Вольныя Купалаўцы”, якая працуе ў эміграцыі і працягвае традыцыі менскага тэатра імя Янкі Купалы, падзялілася рэпертуарам на верасень і кастрычнік у Варшаве. З чатырох спектакляў 3 — паводле твораў беларускіх аўтараў і аўтарак.
2, 3 верасня — спектакль “ГУСІ-ЛЮДЗІ-ЛЕБЕДЗІ”, паводле адной з частак рамана Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”, які сёлета быў уганараваны прэстыжнай Ляпцыгскай кніжнай прэміяй еўрапейскага паразумення.
24 верасня — трапяткі і тонкі прэм’ерны спектакль “ВАЛІЗКА” паводле п’есы вядомай польскай драматургіні Малгажаты Сікорскай-Мішчук.
1, 2 кастрычніка — спектакль “ЭКСТРЭМІСТЫ” паводле дэбютнай п’есы паэткі і перакладчыцы Юлі Цімафеевай, заснаванай на лёсах палітвязняў.
22 кастрычніка — спектакль “ЗЭКАМЕРОН” паводле кнігі адваката і літаратара, палітвязня Максіма Знака, якую ён напісаў напачатку свайго зняволення.


Усе спектаклі адбудуцца на сцэне “Przodownik” Драматычнага тэатра ў Варшаве. Квіткі можна набыць проста цяпер па спасылцы Linktr.ee/kupalaucy.
Купалаўцы абяцаюць, што неўзабаве мае з’явіцца інфармацыя пра гастролі ў іншыя гарады.
Паказы ў Варшаве адбываюцца пры фінансавай падтрымцы мэрыі горада Варшава (праграма "Культура Варшавы - справы, праекты, падзеі").