Фонд “Кніжны вырай” запусціў кампанію па зборы сродкаў на выданне смешнага і добрага коміксу пра сяброўства, адвагу і прыгоды. Гаворка ідзе пра кнігу “Trip mit Tropf” (даслоўна “Падарожжа з кропельніцай”) нямецкай аўтаркі Жазэфіны Марк.
Trip mit Tropf — гэта біяграфічны комікс Жазэфіны Марк, які выйшаў у 2022 годзе ў нямецкім выдавецтве Kibitz Verlag. У кнізе аўтарка перапрацоўвае свой уласны досвед змагання з анкалагічным захворваннем. За гэты кароткі час твор паспеў атрымаць шэраг узнагародаў.
Комікс апавядае гісторыю нараджэння сяброўства паміж суворым Ваўком і палахлівым маленькім Трусікам. Лёс зводзіць іх разам і штурхае ў падарожжа, поўнае прыгод і кур’ёзных падзей. Да таго ж Трусіку трэба прымаць лекі, бо… ён хворы на анкалогію. Аўтарка далікатна і з гумарам праводзіць тэму хваробы праз комікс. Ініцыятары выдання ўпэўненыя, што комікс будзе чытаць цікава незалежна ад узросту.
Збор сродкаў на выданне праводзіцца праз польскую пляцоўку Zrzutka.pl. За ахвяраванне вы атрымліваеце друкаваны асобнік.
Калі чакаць кнігу?
На дадзены момант выданне знаходзіцца на стадыі завяршэння перакладу. Друк комікса запланаваны на восень.
Для каго?
12+. Але комікс будзе цікавы як падлеткам, так і дарослым. А мілыя малюнкі спадабаюцца нават маленькім дзецям.
Загалоўнае фота troststoff.de