Кніга Юлі Цімафеевай — у шорт-лісце Walcott Poetry Prize

Зборнік вершаў і дзённікаў Юлі Цімафеевай “Motherfield”, перакладзены на англійскую Вальжынай Морт і Ханіфам Абдуракібам (выдавецтва Deep Vellum Publishing), увайшоў у кароткі спіс з 15 прэтэндэнтаў на прэстыжную амерыканскую прэмію імя Дэрэка Ўолката.

Пераможца будзе абвешчаны 2 лістапада 2023 года.

Узнагарода прысуджаецца за англамоўную паэтычную кнігу, напісаную не-грамадзянінам або не-грамадзянкай ЗША. Прэмія ўручаецца выдавецтва Arrowsmith Press у партнёрстве з The Derek Walcott Festival і Boston Playwrights’. У 2020-м годзе лаўрэатам прэміі стаў украінскі паэт Сяргей Жадан.

Дэрэк Элтан Уолкат (1930 – 2017) — паэт і драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1992) «за яскравую паэтычную творчасць, якая поўніцца гістарызмам і з’яўляецца вынікам адданасці культуры ва ўсёй яе разнастайнасці».