Kamunikat выдае рэтрадэтэктыў Змітра Дзядзенкі

Беластоцкі фонд Kamunikat.org выпускае кнігу Змітра Дзядзенкі «Гульні Цырцэі». Сюжэт адсылае чытача ў Воршу пачатку 1920-х.

Горад ужо некалькі гадоў жыве «пад прыцэлам»: немцы, паўстанне левых эсэраў, дзейнасць ЧК, атрады зялёных і дэзерціраў… У дзяцей — свой, паралельны свет. Тут узнікае асобная дзіцячая дзяржава. І гэта не проста каралеўства, а імперыя з калоніямі. У яе ёсць сваё войска, свае грошы (папяровыя і металічныя — з пералітых куляў). Тут ладзяць кірмашы і плоцяць заробкі — напрыклад, паштару, які двойчы ў дзень носіць загады ад метраполіі ў калоніі. Гэтая дзяржава вядзе войны з сумежнымі тэрыторыямі і часам заваёўвае іх.

Называецца дзяржава ПУД — скарочана ад рускага наймення вуліцы «Пациановская у Днепра». Як у гісторыі ўсякай іншай дзяржавы, не абышлося тут без антыкаланіяльных паўстанняў і падступных інтрыг. Летапісец ПУДа піша, што адна з дзяўчынак вырашыла ўзняць бунт у калоніі, каб вырвацца з-пад імперскага ярма. Выдаў яе віцэ-кароль калоніі. Бунт падавілі, на калонію наклалі кантрыбуцыю. Змоўшчыцу прысудзілі да «расстрэлу камянямі»… Будзе цікава!!!

Старт продажаў – 29 чэрвеня на Hučna Fest у Варшаве. Вокладку кнігі стварыў дызайнер Артур Вакараў.