Юля Цімафеева напісала паэтычную гісторыю свайго роду

У выдавецтве “Янушкевіч” выйшаў новы канцэптуальны зборнік вершаў Юлі Цімафеевай з назвай “Кровазварот”, у якім аўтарка праз паэтычную форму апавядае гісторыю свайго роду ў 20 стагоддзі і шукае сваё месца ў гэтай гісторыі.

“Я хачу падзякаваць маёй сям’і: маім бацькам і цёткам, — за тое, што шчодра дзяліліся са мной сямейнымі гісторыямі, якія памяталі і якія толькі спрабавалі ўспомніць”, — піша Юля Цімафеева ў фэйсбуку і дадае падзякі многім іншым людзям, без якіх бы гэтай кнігі не з’явілася, у тым ліку мужу Альгерду Бахарэвічу.

“Гэтая кніга — доўгая дарога ад дому. Дарога, якая ляжыць праз розныя краіны і эпохі, стыхіі і ўзросты. Дарога адной сям’і і дарога адной жанчыны, — тлумачыць у прадмове аўтарка.

Ці ёсць маім тое, чаго я не памятаю? Ці ёсць маім тое, што я ведаю адно са старых дакументаў, з выцвілых фотаздымкаў, з лістоў, з гугл-мапаў, са шматкроць распоратых і перашытых сямейных успамінаў? Тое, што ніхто не палічыць маім.

Прыкладам, соннае нямецкае мястэчка на мяжы колішняй Рымскай імперыі, дзе ў саракавыя пасля канцлагера на прымусовых працах быў мой дзед Алёсь. Я дазналася пра мястэчка з картатэкі нацысцкіх злачынстваў толькі праз шаснаццаць гадоў пасля дзедавай смерці, бо ніхто не памятаў назвы, ніхто не лічыў патрэбным яе захаваць. Але дзе былі шахты, на якія яго па вайне саслалі савецкія ўлады, дагэтуль не ведаю.

Ці ёсць маёй згубленая на мапе паўночна-нямецкая вёска, дзе ў тыя ж часы была остарбайтаркай бабуля Шура, сястра майго іншага дзеда? А трансатлантычны лайнер «Канбера», што прывёз яе з Ангельшчыны ў Канаду? <…> Ці ёсць маімі глызы айсбергаў ля канадскага ўзбярэжжа з успамінаў тагачаснага падарожніка, якія я знайшла ў інтэрнэце?

Ці ёсць маім прадзедаў хутар, што захаваўся толькі назвай у матчынай памяці, прывідам месца, перададзеным мне ў спадчыну? Ці ёсць маімі блытаныя аповеды родных? Ці ёсць іх прыдуманыя згадкі маімі і ці ёсць мае фантазіі іхнімі? Ці ёсць маімі іхнія скаргі і пахвала акупантам? За іхнія позіркі, за іхнія галасы, за маўчанне я трымаюся на скавышах еўрапейскай гісторыі, што гнала іх з дому, як мяне.

Памяць знасілася, сцерлася, выгарала. Глядзі, якія ў ёй дзіры. Не загарнуцца ў яе ад сіверу эпохі. Але я цырую прагалы іголкаю верша, ніткай фантазіі, як цыравалі бабулі дарагое і важнае. Можа, штосьці ды выйдзе?

Паводле слоў Юлі Цімафеевай, праект кнігі на раннім этапе прачытала і заахвоціла працягваць паэтка Вальжына Морт. Рэдактарам “Кровазвароту” стаў Уладзь Лянкевіч.

Старт продажаў кнігі ў Варшаве ў кнігарні “Кнігаўка” — 28 траўня. Неўзабаве можна будзе таксама замовіць дастаўку праз сайт Knihauka.com