Вялікая кніга пра беларускую кухню выйшла па-ангельску

Выдавецтва Grunwald Publishing выпусціла “Беларускую кулінарную кнігу” (“The Belarusian Cookbook”) Алеся Белага ў перакладзе на ангельскую мову. Гэта істотна перапрацаванае, пашыранае і абноўленае выданне працы, якая ўпершыню з’явілася па-ангельску ў 2009 годзе ў выдавецтве Hippocrene Books.

“The Belarusian Cookbook” — гэта грунтоўнае выданне, якое ўключае каля 200 рэцэптаў і больш за 50 здымкаў. Чытачы пазнаёмяцца як са шляхецкімі стравамі, так і з тым, што гатавалася на вясковых кухнях. У кнізе выяўлены сотні гадоў беларускіх, ашкеназскіх, татарскіх, польскіх і літоўскіх традыцый, якія суседнічалі і ўзбагачалі адна адну ў нашым краі. Некаторыя рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне, іншыя рэканструяваныя са старых кніг, а многія ўпершыню з’яўляюцца на ангельскай мове — усе адаптаваныя для сучаснай кухні 21-га стагоддзя.

“Гэтае выданне ад Grunwald […] ёсць найбольш поўнай кнігай рэцэптаў беларускай кухні, даступнай на англійскай мове”,тлумачыць важнасць кнігі выдаўчыня Воля Яноўская.

Кнігу ўжо можна купіць непасрэдна праз сайт выдавецтва Grunwald.ca, а ў верасні выданне будзе даступнае на Amazon Canada & USA (FBA), а таксама ў Еўропе.