Гарадзенскі музыка Дзяніс Трусаў выдаў раман па-беларуску

У выдавецтве фонда “Камунікат” выйшаў постмадэрнісцкі раман-пазл “Боў і мерць у Хротне” гарадзенца Дзяніса Трусава, які аўтар перапрацаваў і пераклаў з расейскай мовы. Кнігу ўжо можна замовіць праз анлайн-краму выдавецтва.

Паводле анатацыі, кніга Дзяніса Трусава “Боў і мерць у Хротне” гэта беларускі Twin Peaks і Silent Hill, раман пра самасвядомасць і раскаянне, які даследуе тэму памежжа, гэта моўная прыгода і нечаканая навуковая фантастыка з хрысціянскай і будыйскай падаплёкай. Тут перапляліся мовы і эпохі, а галоўнаму герою трэба пазбавіцца ад уласнага трупа і ўспомніць назву краіны, з якой ён родам.

Дызайн вокладкі Марыны Барташ

Дзяніс Трусаў — паэт, музыка і празаік з Горадні. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў Наваградку.
Першыя публікацыі з’явіліся ў гарадзенскіх газетах “Моладзевы Кур’ер” і “Вечаровая Гародня”. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 2000 годзе, з’ехаў жыць і працаваць у Польшчу. У 2001 годзе вершы Трусава, перакладзеныя на польскую мову Янам Леанчуком, былі надрукаваны ў альманаху EPEA (Беласток).
У 2008 годзе ў Горадні выйшла складанка паэзіі пад псеўданімам Дзіна Мележ. Потым у 2019 годзе ў выдавецтве Галіяфы выйшаў зборнік апавяданняў “Про Мутю”, а ў 2021 у тым жа выдавецтве была надрукавана кніга-складанка малой прозы (разам з музычным альбомам, даступным на старонках выдання ў выглядзе QR-кодаў) на беларускай мове пад назвай “Слоў моб”.

У 2023 пад рэдакцыяй Георгія Барташа выйшаў раман “Боў і мерць у Хротне” на расейскай мове — як у папяровай версіі (Горадня, ЮрСа Прынт), гэтак і ў лічбавай (выдавецтва “Логвінаў”). І вось у 2025 перапрацаваны тэкст раману выдадзены па-беларуску ў Беластоку фондам “Камунікат”.

Таксама Дзяніс Трусаў заснавальнік эксперыментальнага гурта Autonomicon (слухаць тут). Цяпер жыве ў Ханоі (В’етнам).

Публікацыя Дзяніса Трусава на старонках часопіса TAUBIN.

Загалоўнае фота taubinpoetry.com