25 лістапада ў Гданьску ўзнагародзяць лаўрэатаў Прэміі Гедройця

25 лістапада 2023 года ў Гданьску (Польшча) у Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44) а 19:00 будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця, паведамляюць арганізатары.

Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы, выдадзеныя ў 2022 годзе. Усе трое пераможцаў атрымаюць узнагароды. На цырымоніі ўзнагароджання выступіць гурт “Relikt”, які спалучае ў сваёй творчасці сучасныя музычныя плыні з глыбінным беларускім фальклорам.

Таксама 25 лістапада ў Гданьскай філіі (Filia Gdańska, Mariacka 42) перад узнагароджаннем можна будзе наведаць дзве літаратурныя сустрэчы.

14:00 – прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» пра палітзняволенага праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата. Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі – і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў гэтага руху. Чытач зможа пабачыць Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць. Кнігу прадставіць адна з аўтарак праекта – Таццяна Нядбай.

16.00 – сустрэча з журналісткай, пісьменніцай і рэдактаркай, аўтаркай празаічных кніг Святланай Курс, якая піша пад псеўданімам Евы Вежнавец. Святлана атрымала прэмію Ежы Гедройця ў 2021 годзе за кнігу “Па што ідзеш, воўча?”.

На ўсіх імпрэзах можна будзе набыць беларускія кнігі.

Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання – Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Арганізатары выказваюць шчырыя падзякі за дапамогу ў арганізацыі цырымоніі: Музею Гданьска, Ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы імя Джозефа Конрада Кажанёўскага, Таварыству беларусаў на Памор’і, Установе культуры мясцовага самакіравання Паморскага ваяводства, Фонду міжнароднай салідарнасці.

Уваход на імпрэзы вольны з абавязковай папярэдняй рэгістрацыяй на сайце Беларускага культурнага таварыства «Хатка» праз спасылку ІМПРЭЗЫ | Chatka (btkchatka.org).

Сёлета ў журы ўвайшлі: Андрэй Хадановіч, Катажына Дрозд-Урбаньска, Ціхан Чарнякевіч, Святлана Курс, Сяргей Кавалёў,

Як раней расказваў bellit.info, на званне найлепшай празаічнай беларускай кнігі 2022 году традыцыйна прэтэндуе шасцёрка:

  1. Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
  2. Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» Вільма (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
  3. Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)
  4. Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)
  5. Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
  6. Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022)

Галоўнае фота kartaturysty.pomorskie.travel