Кніга “Як падае снег, як расце трава” пабачыла свет у беластоцкім выдавецтве Фонду Kamunikat.org.
“Завяршыў гэты свой кніжны трыпціх – сабраў пад вокладкі свае асноўныя празаічныя тэксты. Можа ня ўсе бездакорныя, але тыя, якія мне дарагія. Праўда, за бортам застаўся мой першы раман «Палімпсэст». Неяк ён не аб’ядноўваўся з іншымі. Але цяпер мушу рыхтаваць да друку найноўшы раман «Запавольваньне». А яшчэ мару пра кнігу эсэ, пра кнігу літаратурнай крытыкі і літаратурных інтэрв’ю”, — дзеліцца радасцю пісьменнік у сваім Facebook.
Новая кніга прозы Алеся Аркуша аб’яднала мастацка-дакумэнтальны раман «Мясцовы час» і шэраг апавяданьняў, напісаных у розныя гады. Аматары айчыннай андэграўнднай культуры канца 80-х — пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя сустрэнуць у рамане шматлікіх вядомых дзеячоў літаратуры, музыкі і мастацтва таго пэрыяду — ад Сержука Сокалава-Воюша да Юрыя Гуменюка, ад Лявона Вольскага да Сержа Мінскевіча і многіх-многіх іншых. Падзеі, апісаныя ў рамане, таксама адметныя — ад заснаваньня і акцыяў Таварыства Вольных Літаратараў да гісторый вакол полацкага рок-гурта «Мясцовы час». “Кніга будзе цікавая ня толькі шанавальнікам нефармальнай, андэграўнднай беларускай культуры, але і шматлікім дасьледчыкам, бо на гэтых старонках паўстае і ўрэчаісьніваецца Час — самы мудры і справядлівы гісторык”, — паведамляе анатацыя.
Кнігу ўжо можна набыць на сайце інтэрнэт-крамы Kamunikat.shop.
Фота: Facebook Алеся Аркуша