Беларускі ПЭН разам з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам абвяшчае новы сезон “Перакладчыцкай майстэрні”, які будзе праходзіць ў анлайн-фармаце. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца мастацкім перакладам на белрускую або хоча паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе.
Перакладчыцкая майстэрня – гэта творчая прастора, дзе перакладчыкі і перакладчыцы мастацкай літаратуры збіраюцца разам, дзеляцца спробамі перакладу, абмяркоўваюць узніклыя праблемы і, знаходзячы рашэнні, набываюць неабходныя ў сваёй працы веды і навыкі. Бонусам такога падыходу з’яўляюцца наладжаныя сувязі паміж удзельніцамі ды ўдзельнікамі і стварэнне прафесійнай супольнасці. Праект існуе больш за дваццаць гадоў, яго кіраўнік-мадэратар – паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Больш падрабязна пра “Перакладчыцкую майстэрню” і яе гісторыю чытайце тут.
Сярод запланаваных гасцей майстэрні – перакладчык і выдавец Сяргей Шупа, пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч, пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута, нямецкі перакладчык Томас Вайлер, паэтка і перакладчыца з іспанскай і на іспанскую Анхела Эспіноса Руіс ды іншыя вядомыя творцы.
Працягласць майстэрні – два месяцы. Сустрэчы будуць адбывацца анлайн на платформе ZOOM у жніўні – верасні, раз на тыдзень у чацвяргі, з 19:00 да 21:00 па беларускім часе.
Удзел у майстэрні бясплатны. Колькасць месцаў абмежаваная. Для падачы заяўкі трэба запоўніць гугл-форму.
Дэдлайн: 5 жніўня (уключна).
З мэтаў бяспекі ваш удзел можа быць зашыфраваны з дапамогай псеўданіма. Звяртаем увагу, што Instagram-старонка Беларускага ПЭНа і сацсеткі Андрэя Хадановіча прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі” – калі ласка, будзьце асцярожныя ў распаўсюдзе інфармацыі пра майстэрню.