Журба Янка (сапр. Івашын Іван Якаўлевіч; 1.5.1881, в. Купніна, цяпер у межах Чашнікаў, Віцебская вобл. — 7.1.1964, Полацк, Віцебская вобл.). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1939 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1902). Настаўнічаў на Віцебшчыне ў пачатковых школах. Пасля заканчэння Глухаўскага настаўніцкага інстытута (1906—1909, Чарнігаўская губерня) працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах гарадскіх і пачатковых вучылішчаў Украіны, Беларусі, Расіі, у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР (1921—1922), інспектарам Бабруйскага, затым Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923—1927), выкладчыкам у Чэрыкаўскай сямігадовай школе, у Магілёўскім медыцынскім вучылішчы (1927—1934). У 1934 г. пераехаў у Мінск, працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. З-за хваробы вачэй быў змушаны ў 1937 г. пакінуць працу. З 1941 г. і пасля вайны жыў у Чашніцкім раёне, быў настаўнікам спеваў у пачатковых класах. Апошнія гады жыцця правёў у вёсцы Слабада пад Полацкам і ў Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра. У апошнія гады цярпеў вялікую нястачу і жыў у доме састарэлых у Полацку. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1939 г.
Пахаваны на Ксавер’еўскіх могілках у Полацку.
Дэбютаваў этнаграфічнымі нарысамі ў 1902 г. (газета “Витебские губернские ведомости”). Друкаваўся ў газетах “Наша Ніва”, “Савецкая Беларусь”, у часопісе “Полымя” і інш. Аўтар зборнікаў паэзіі “Заранкі” (Менск, 1924), “Ясныя шляхі” (Мінск, 1959), “Вершы” (Мінск, 1970), “Роднае” (Мінск, 1980), “Мая песня” (Мінск, 1984), кніжак вершаў для дзяцей “Ластаўкі” (Мінск, 1950), “Сонечная раніца” (Мінск, 1955), “Светлыя дні” (Мінск, 1959). Выдадзеныя Выбраныя творы (Мінск, 1950).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 70).