Звонак Алесь (сапр. Пётр Барысавіч Звонак; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996, Мінск). Паэт, перакладчык, крытык. Сябра СП з 1935 г.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты “Чырвоная Полаччына”. Узначальваў полацкую філію “Маладняка”. З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 г. — у часопісе “Маладняк”. У 1931 г. закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1934 г. — аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у АН БССР (1934—1935), у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” (1935—1936). У лістападзе 1936 г. арыштаваны, у 1937 г. асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам аб’екта, галоўным геолагам прадпрыемства (Магаданская вобласць). Рэабілітаваны ў 1954 г. Вярхоўным судом. З 1955 г. жыў у Мінску. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь (1991). Узнагароджаны медалём. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1936 г.
Пахаваны ў Мінску.
Дэбютаваў у друку вершамі ў 1925 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Пунсовае ранне” (з Я.Бобрыкам і Я. Туміловічам; Менск, 1926), “Буры ў граніце” (Менск, 1929), “На лінію агню” (Менск, 1932), “Мая Радзіма” (Менск, 1935), “Запаветнае” (Мінск, 1961), “Прадчуванне” (Мінск, 1974), “Санеты” (Мінск, 1982), “Ружовая чайка” (Мінск, 1985), “Светлацені” (Мінск, 1992), “Мой сад” (Мінск, 1995), паэм “Каршун” (Мінск, 1930) і “Загай” (Мінск, 1931), кнігі артыкулаў і ўспамінаў “Неспакойныя сэрцы” (Мінск, 1973), п’есы “Навальніца будзе” (Мінск, 1960, пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў “Якуб Колас” (1962), “Вобразы і думы” (1965). Выдадзеныя Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1977), зборнікі выбранай паэзіі “Табе адной” (Мінск, 1957; па-руску: Ленинград, 1961), “Россып” (Мінск, 1967), “Сябрына” (Мінск, 1987). Пераклаў на беларускую мову “Дуэль. Іоныч” А. Чэхава (Менск, 1931), “Апошні з удэге” А. Фадзеева (з М.Хведаровічам; Менск, 1935), “Віцязь у тыгравай шкуры” Ш. Руставелі (з М. Хведаровічам; Мінск, 1966), зборнік лірыкі Д. Кугульцінава “Святло жанчыны” (Мінск, 1975), асобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Святлова, У. Лугаўскога, А. Пракоф’ева, Я. Смелякова, М. Галоднага, М. Рыльскага. М. Бажана, П. Тычыны, А. Малышкі, У. Сасюры, Т. Масэнкі, Р. Гамзатава, А. Туманяна, І. Бехера, У. Кавальскага, Ю. Славацкага. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1992) за кнігу паэзіі “Святлацені”.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.