Зізаній Стафан (сапр. Тустаноўскі; каля 1570, с. Пацеліч, цяпер Львоўская вобл., Украіна — да 1621). Пісьменнік-палеміст.
Паходзіў з дробнамаянтковай беларускай шляхты. Брат Лаўрэнція Зізанія. Закончыў Астрожскую школу на Валыні. З 1586 г. выкладаў царкоўнаславянскую i грэчаскую мовы ў Львоўскай праваслаўнай брацкай школе, з 1592 г. — рэктар. У 1593—1599 гг. выкладаў у Віленскай брацкай школе. У 1595 г. выдаў “Катэхізіс”, які на праваслаўным саборы ў Навагрудку (1596) асуджаны як ерэтычны. Быў пазбаўлены духоўнага сану і адлучаны ад царквы, аднак апраўданы Берасцейскім царкоўным саборам у 1596 г. З 1599 г. у Троіцкім праваслаўным манастыры ў Вільні, дзе прыняў імя Сільвестра. У выніку барацьбы з уніятамі быў вымушаны тэрмінова пакінуць Вільню.
Магчыма, памёр і пахаваны ў мястэчку Пацеліч, Жоўкаўскага раёну Львоўскай вобласці, Украіна.
Аўтар кнігі “Казанне святога Кірылы, патрыярха ерусалімскага „Пра Антыхрыста і знакі яго“, з пашырэннем навукі супраць ерасяў розных” (Вільня, 1596), рэлігійна-філасофскіх прац “Изложение о православной вере. Коротким пытаньем и отповеданьем для латвейшаго выразуменя хрйстіянскім детем” (1596), “Лист Іеремей патріархй Константинопольского напоминалный” (1599). Выдаў “Катэхізіс” на беларускай і польскай мовах (Вільня, 1595).