Зізаній Лаўрэнцій (сапр. Тустаноўскі; ? — пасля 1634). Асветнік, пісьменнік-палеміст.
Паходзіў з дробнамаянтковай беларускай шляхты. Брат Стафана Зізанія. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэчаскай моў у Львоўскай (да 1592), Берасцейскай (1592—1595), Віленскай (1595—1597) брацкіх школах. У 1597—1618 гг. хатні настаўнік у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага, князёў А.Астрожскага і Я.Карэцкага. З 1619 г. настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэчаскай мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 г. прывёз у Маскву напісаны на беларускай мове “Катэхізіс”, дзе атрымаў сродкі ад цара і патрыярха на яго выданне. У 1627 г. вярнуўся ў Кіеў. Апошняе ўпамінанне пра Зізанія адносіцца да 1634 г. у Луцкай гарадской кнізе.
Верагодна, памёр і пахаваны ў г. Карэц, Ровенскай вобласці, Украіна.
Выдаў першы ў Беларусі і ва Ўкраіне буквар “Наука ку читаню и розуменю писма словенского”, які ўключаў “Лексіс…” — беларускі тлумачальны слоўнік (Вільня, 1596), вучэбную кнігу “Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова…” (Вільня, 1596), “Катэхізіс Вялікі” (Масква, 1627), пераклаў і адрэдагаваў “Беседы Св. Иоанна Златоуста на Посланне Св. апостола Павла” (Кіеў, 1623), “Толкованія на Апокаліпсіс Св. Андрэя Кесарыйскага” (Кіеў. 1625).