Вольскі (Зэйдэль-Вольскі) Лявон (Леанід) Артуравіч (нар. 14.9.1965, Мінск). Паэт, празаік, музыкант. Уваходзіў у склад СБП.
Сын Артура Вольскага, унук Віталя Вольскага. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1984). У 1982 г. быў адным з заснавальнікаў гурта “Мроя”. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні “Беларускай Майстроўня” (1979—1984). У 1994 г. ініцыяваў ператварэньне “Мроі” ў гурт “N.R.M.” (“Незалежная Рэспубліка Мроя”). Выступаў як асноўны аўтар музыкі і тэкстаў песень для гурта. У 2001 г. быў ініцыятарам стварэння гурта “ZET”. Працаваў вядучым аўтарскай праграмы “Квадракола” на радыёстанцыях “Беларуская маладзёжная” і “101,2”. У 1997 г. напісаў музыку і аранжыроўкі большасці кампазіцый для сумеснага музычнага праекту “Народны альбом”, удзельнічаў у падрыхтоўцы, запісе і паказе сумесных музычных праектаў “Сьвяты вечар 2000” і “Я нарадзіўся тут” (2001). На працягу 2002—2007 распрацаваў і напісаў вялікую частку песень для праграм “Крамбамбуля”, “Крамбамбуля 11/2: Каралі раёну”, “Крамбамбуля 0,33 FM”, ““Крамбамбуля” сьвяточная”. Прызёр глядацкіх сімпатый на фестывале “Рок-крок 1988”; лаўрэат фестывалю “Наваполацк 1988”; Гран-пры, прыз у намінацыі “Лепшы клавішнік” на фестывале “Тры колеры 1990”; “Рок-кароны” ў намінацыях “Песня году” (“Партызанская”) — 1996, “Альбом году” (“Народны альбом”) — 1997, “Рок-карона 1997”, “Праект году” (“Сьвяты вечар 2000”) — 1999, “Песня году” (“Паветраны шар”) — 1999, “Музыка году”, “Падзея году” (праект “Я нарадзіўся тут”), “Лепшыя тэксты”, “Песня году” (“Тры чарапахі”), “Альбом году” (“Тры чарапахі”), “Рок-карона” — усё 2000, “Выканаўца году” на “Рок-каранацыі 2004—2005”, лаўрэат прэміі FreeMuse Award-2016 і USMA-2019 у намінацыі “Лепшыя тэксты песень”.
Друкаваўся ў рэспубліканскіх і замежных выданнях ды калектыўным зборніку прозы “Паветраны шар”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Калідор” (Наваполацк, 1993) і “Фотаальбом” (Мінск, 2000), зборніка апавяданняў “Міларусь” (Мінск, 2011).