Вольскі (Зэйдэль-Вольскі) Артур Віталевіч (23.9.1924, Койданава, цяпер Дзяржынск, Мінская вобл. — 5.9.2002, Мінск). Празаік, паэт, драматург. Сябра СП з 1955 г.
Нарадзіўся ў сям’і пісьменніка Віталя Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1938—1941), працаваў мастаком у БДТ-2 (Уральск). У 1942 г. прызваны на службу ў Ваенна-Марскі Флот СССР. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супраць Японіі, дэмабілізаваўся ў 1952 г. Працаваў загадчыкам аддзела культуры і быту рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, адказным сакратаром часопісаў “Бярозка”, “Вясёлка”. Закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1962). З 1962 г. загадчык літаратурна-педагагічнай часткі, з 1963 г. дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1978 г. дырэктар Дома літаратара, з 1980 г. літкансультант СП БССР. У 1981—1984 гг. старшы рэдактар выдавецтва “Юнацтва”. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1955 г., Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1963 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, “Знак Пашаны”, медалем “За баявыя заслугі” і іншымі медалямі. Бацька музыкі і пісьменніка Лявона Вольскага.
Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Дэбютаваў у друку ў 1937 г. Напісаў на рускай мове аповесць “Родная семья” (у суаўтарстве з Б. Іртышскім, Хабараўск, 1953). Аўтар зборнікаў паэзіі “Водбліскі далёкіх маякоў” (Мінск, 1958), “Далёкія і блізкія прычалы” (Мінск, 1962), “Дабрата” (Мінск, 1966), “Выратавальны круг” (Мінск, 1974), “Строма” (Мінск, 1982), “Чалавек, якому баліць” (Мінск, 1984), “Наваселле дрэў” (Мінск, 1990), “След завірухі” (Мінск, 2000). Аўтар кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей “Маленькім сябрам” (Мінск, 1955), “Дзедаў госць” (Мінск, 1958), “Чырвоная зорка” (Мінск, 1961), “Чарнічка” (Мінск, 1964; па-руску: Мінск, 1967), “Рагатка” (Мінск, 1971), “Што такое мікра тое” (Мінск, 1971), “Лясныя мастакі” (Мінск, 1973), “Жывыя літары” (Мінск, 1973), “А куды падаўся дождж” (Мінск, 1974), “Ізумрудавы горад, дзе ты?.. ” (Мінск, 1977), “Еду ў госці да слана” (Мінск, 1978; па-руску: Мінск, 1982), “Сонца блізка ўжо зусім” (Мінск, 1984), “Дабяруся да нябёс” (Мінск, 1984), “Ад А да Я — прафесія мая” (Мінск, 1987), “Шукальнікі Маленькага прынца” (Мінск, 1994), “Каваль — Залатыя Рукі” (Мінск, 1996), “Карусель” (Мінск, 1996), “Казкі з праўдай напалам” (Мінск, 1996), “Адэльчыны ручнікі” (Мінск, 2002), апавядання-эсэ “Хлеб — усяму галава” (Мінск, 1989). Выдадзеныя кнігі Выбраных твораў (Мінск, 1971, 1974). Сумесна з П. Макалём напісаў п’есы “За лясамі дрымучымі” (1959, пастаўлена ў 1958), “Марынка-крапіўніца” (пастаўлена ў 1962). У суаўтарстве з Э. Доўнер напісаў кінасцэнарый “Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка” (пастаўлены ў 1978). Аўтар п’ес-казак “Сцяпан — вялікі пан” (1979, пакладзеная на музыку Ю. Семянякам і пастаўленая ў 1979 на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі — першая беларуская аперэта для дзяцей), “Тры Іваны — тры браты” (1985), “Граф Глінскі-Папялінскі” (1986), “Каб не змаўкаў жаваранак” (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі “Апошняя ноч Алаізы” (1986), “Водар папараці” (1989).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 76).