Верамейчык Уладзімір Міхайлавіч (1.11.1937, в. Петрыцкае, Брагінскі р-н Гомельскай вобл. — 26.12.1999, в. Ведрыч, Рэчыцкі р-н Гомельскай вобл.). Паэт, нарысіст. Сябра СП з 1976 г.
Закончыў Рэчыцкую педагагічную навучальню (1955). Год працаваў старшым піянерважатым Міхалкаўскай сярэдняй школы Мазырскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1956—1959). Пасля дэмабілізацыі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1964). Працаваў завучам, дырэктарам Ведрыцкай васьмігадовай школы Рэчыцкага раёна, пасля рэарганізацыі гэтай школы ў сярэднюю (1966) — яе дырэктар. Сябра СП СССР з 1976 г. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём.
Пахаваны на могілках в. Ведрыч Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
Першы верш надрукаваў у 1955 г. (рэчыцкая раённая газета). Аўтар зборнікаў вершаў “Прыпяць” (Мінск, 1973), “Яснасць” (Мінск, 1978), “Люблю!” (Мінск, 1981), “Клянуся Прыпяццю” (Мінск, 1988), “Ліхаўня” (Мінск, 1997), кніг публіцыстыкі “Гарызонты сельскіх педагогаў: Запіскі дырэктара школы” (Мінск, 1984) і “Жыву школаю” (Мінск, 1991). Таксама выдаў зборнік баек і сатырычных вершаў “Магарыч” (Мінск, 1994) і кніжкі гумарэсак “Карчы Гіменея” (Мінск, 1991) і “Местачковы секс” (Мінск, 1994).