Вярцінскі Анатоль Ільіч (18.11.1931, в. Дзямешкава, Лепельскі р-н Віцебскай вобл. — 21.4.2022, Мінск). Паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Сябра СП з 1964 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 г. пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, быў рэдактарам выдавецтва “Беларусь”. У 1967—1982 гг. літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977 г. у XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986—1990 гг. галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР (з 1964), Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990—1995 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, сябра Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета. Заслужаны работнік культуры БССР (1991). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), прэміі “Залаты апостраф” (2010), Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова (2019).
Дэбютаваў з вершамі ў 1950-я гг. (студэнцкая газета “Беларускі універсітэт”, газета “Чырвоная змена”, часопіс “Маладосць”). Аўтар кніг вершаў і паэм “Песня пра хлеб” (Мінск, 1962), “Тры цішыні” (Мінск, 1966), “Чалавечы знак” (Мінск, 1968), “Возвращение” (Москва, 1969), “Выбранае” (Мінск, 1973), “З’яўленне” (Мінск, 1975), “Час першых зорак” (Мінск, 1976), “Ветрана” (Мінск, 1979), “Святло зямное” (Мінск, 1981), “Вечный восход” (Москва, 1982), “Любоў адкрывае скарбы” (Мінск, 1987), “Хлопчык глядзіць…” (Мінск, 1992), “Жанчына. Мужчына. Каханне…” (Мінск, 2003), “Асобныя радкі розных гадоў” (Мінск, 2010), “Жыцьмем” (Мінск, 2012),“Тым часам…” (Мінск, 2020), зборніка п’ес “Дзякуй, вялікі дзякуй!” (Мінск, 1983), зборнікаў публіцыстыкі “Высокае неба ідэала” (Мінск, 1980), “Нью-Йоркская сірэна” (Мінск, 1987) і “Трывожны досвітак” (Мінск, 1994). У 2009 г. выйшлі Выбраныя творы ў серыі “Беларускі кнігазбор”. Пераклаў на беларускую мову п’есы “Раба свайго каханага” Лопэ дэ Вэгі, “Безыменная зорка” М. Себасцьяна, “Спяшаюся за летам” В. Пальчынскайтэ, якія былі пастаўлены ў тэатрах Беларусі, а таксама асобныя творы класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55 — Збор дакументаў дзеячаў літаратуры).