Вітан-Дубейкаўскі Лявон Іванавіч (19.7.1869, в. Дубейкава, цяпер Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 6.11.1940, Вільня, Літва). Паэт, архітэктар.
Закончыў Мсціслаўскае гарадское вучылішча, школу будаўнічых рамёстваў у Варшаве. Вярнуўся на радзіму. Працаваў пры аднаўленны старых будынкаў, потым пачаў узводзіць уласныя. Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Чачэрску і інш. У 1896—1898 гг. кіраваўбудаўніцтвам касцёла ў Смаленску. Заснаваў прыватнае інжынернае таварыства і арганізаваў завод жалеза-бетонных вырабаў. У 1903 г. экстэрнам здаў экзамены на званне інжынера-архітэктара пры Інстытуце цывільных інжынераў у Санкт-Пецярбаргу. У часе расійска-японскай вайны ліквідаваў сваё таварыства, прадаў завод і выехаў у Парыж, дзе ў 1907—1909 гг. вучыўся ў архітэктурнай школе. У 1910 г. атрымаў званне архітэктара-мастака. Пасля працаваў у Варшаве. Праз некаторы час стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Выкладаў у Варшаўскім сярэднім прамыслова-тэхналагічным вучылішчы. Быў знаёмы з лідарамі беларускага нацыянальнага руху братамі Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Вацлавам Іваноўскім, выпісваў беларускую прэсу і літаратуру, матэрыяльна падтрымоўваў выдавецкую суполку “Загляне сонца і ў наша ваконца”. У 1917 г. быў сбрам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. У 1918 г. стаў галоўным архітэктарам БНР. У 1919 г. прызначаны консулам урада БНР у Польшчы. Стварыў і ўзначаліў Беларускі камітэт у Варшаве. З 1922 г. жыў у Вільні. Ажаніўся з Юліянай Мэнке. Быў прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя Св. Міколы, дзеячам Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, удзельнічаў у выданні газеты “Беларускі фронт”. Пераследаваўся польскімі ўладамі. Займаўся архітэктурна-будаўнічымі работамі, праектаваў цяркву ў Відзах, касцёл у Дрысвятах, будаваў мікрараён на Антокалі ў Вільні. У 1935 г. далучыўся да Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.
Пахаваны на могілках Роса, Вільня, Літоўская Рэспубліка.
Збіраў беларускі фальклор, апрацоўваў вусныя народныя творы, спрабаваў пісаць сам. На пачатку 1890-х напісаў байку “Пацягне воўк — пацягнуць і воўка”, верш “Бура”.