Васілёнак Сяргей Іванавіч (23.9.1902, в. Запруддзе, Сенненскі р-н Віцебскай вобл. — 15.4.1982, Масква). Літаратуразнаўца, гісторык літаратуры і фалькларыст.
Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1929). Уваходзіў у БелАПП. Працаваў у Віцебскім (1932—1934) і Магілёўскім педінстытутах. У 1940 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, з 1941 г. — дацэнт. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1946—1960 гг. выкладаў беларускую літаратуру і фальклор у Маскоўскім універсітэце, потым у Гомельскім педінстытуце.
Пахаваны ў Маскве.
Друкаваўся з 1931 г. Аўтар кніг “Пад панскім бізуном: Малюнак жыцця і барацьбы працоўных Беларусі эпохі прыгону і яго распаду ў асвятленні беларускай вуснай народнай творчасці” (Мінск, 1933), “Фольклор и литература Белоруссии эпохи феодализма” (Москва, 1961), складальнік зборніка “Беларускі эпас” (разам з М. Грынблатам і К. Кабашнікавым, Мінск, 1959), хрэстаматый “Вусна-паэтычная творчасць беларускага народа: хрэстаматыя для вышэйшых навучальных устаноў” (з I. Гутаравым, Мінск, 1959), “Беларуская савецкая літаратура: літаратурная хрэстаматыя для 9-х і 10-х класаў” (Мінск, 1935) і “Родная літаратура: Хрэстаматыя для 8-га класа сярэдняй школы” (Мінск, 1951), дапаможнікаў “Народная творчасць: дапаможнік для выкладчыкаў літаратуры сярэдніх школ” (Мінск, 1940), “Белорусская литература” (Минск, 1940).