Вакулоўская Лідзія Аляксандраўна (20.2.1926, Сноўск, Чарнігаўская вобласць, Украіна — 28.8.1991, Шчорс (былы Сноўск), Чарнігаўская вобласць, Украіна). Празаік, сцэнарыст.
У 1945 г. скончыла сярэднюю школу, паступіла ў Кіеўскую школу кінаакцёраў, пасля закрыцця школы ў 1948 г. перавялася на рускае аддзяленне акцёрскага факультэта Кіеўскага тэатральнага інстытута. Па заканчэнні атрымала накіраванне ў Адэскі тэатр рускай драмы (1952). У 1954 пераехала на Чукотку, з гэтага часу пачала выступаць у друку, працавала ў рэдакцыі газеты “Заря Севера”, потым у Калінінградзе ў газеце “Калининградская правда”. У 1963 па яе сцэнарыі пастаўленая камедыя “Лушка” на Кіеўскай кінастудыі. Сябра СП БССР з 1965 г.
Паводле інфармацыі ў слоўніку, пахаваная ў г. Шчорсе, Украіна.
Пісала на рускай мове. У Беларусі пачала друкавацца з 1966 г. у часопісе “Нёман”. На кінастудыі “Беларусьфільм” выйшаў фільм “Саша-Сашачка” (1966) паводле яе сцэнарыя. З 1967 г. трапіла пад цэнзурныя рэпрэсіі. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў “Женщины” (Минск, 1975), “Путевка в “Белую долину”” (Минск, 1980), “Вступление в должность” (Минск, 1982), “Письма любимого человека” (Минск, 1982), “И снятся белые снега” (Минск, 1986), “История одной любви” (Минск, 1988), “Сколько бы ни пришлось, буду ждать…” (Минск, 1990).