Ігнаценка Рыгор Канстанцінавіч (нар. 20.11.1930, в. Вусаўка, Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Пісьменнік. Уваходзіў у сябры СБП.
Выхоўваўся ў дзіцячым доме. У 1946—1948 гг. вучыўся ў рамесніцкім вучылішчы № 10 г. Магілёва. У 1948—1951 гг. працаваў слесарам. Завочна вучыўся на рэспубліканскіх курсах кіраўнікоў мастацкай самадзейнасці раённых дамоў культуры ў Мінску. У 1957—1988 гг. працаваў настаўнікам музыкі ў Паплаўскай сярэдняй школе. У 1980 г. завочна закончыў Народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве.
Друкавацца пачаў у 1961 г. Аўтар кніг апавяданняў для дзяцей “Лясныя тынкоўшчыкі” (Мінск, 1964), “Урок у лесе” (Мінск, 1965), “Ластаўчына затока” (Мінск, 1967), “Рабчыкі спяваюць” (Мінск, 1970), “На заечых сцежках” (Мінск, 1973), “Дзе матылькі зімуюць” (Мінск, 1974), “Бярозавы шэпт” (Мінск, 1976), “Карабель вясны” (Мінск, 1980), “У зімовым садку” (Мінск, 1981), “Зацугляны шчупак” (Мінск, 2009).