Грубіян Мацвей (Мотл) Міхайлавіч (12.4.1909, в. Сакалоўка Кіеўскай вобл., Украіна — 9.2.1972, Масква). Паэт.
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. У 13 гадоў з’ехаў у Мінск, працаваў на рамесных працах. У 1938 г. скончыў літаратурны факультэт Педагагічнага інстытута імя Горкага ў Мінску. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, тройчы цяжка паранены. Уся сям’я паэта загінула ў Мінскім гета. Жыў у Маскве, працаваў адказным сакратаром у Яўрэйскім антыфашысцкім камітэце і яго газеце “Эйнікайт” (“Адзінства”). У 1948 г. арыштаваны па справе Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта. 7 гадоў правёў у лагерах Інты (Рэспубліка Комі). Пасля вызвалення ў 1955 г. жыў у Маскве. Узнагароджаны медалямі. Сябра СП СССР з 1939 г.
Пахаваны на Вастракоўскіх могілках Масквы, РФ.
Дэбютаваў у друку ў 1930 г. Пісаў на ідышы. Аўтар зборнікаў “Фун келер аф дер зун” (“З падвала — да сонца”; Мінск, 1935), “Лирика” (у перакладзе; Минск, 1940), “Гезанг вегн мут” (“Песня аб мужнасці”; Масква, 1947), “Я знаю тебя, жизнь” (у перакладзе; Москва, 1958), “Ключи” (у перакладзе; Москва, 1962), “Лирика” (у перакладзе; Москва, 1967). Выдадзеныя зборнікі выбранай лірыкі на ідышы “Беспакойны вецер” (Масква, 1970), “Вечны агонь” (Масква, 1976).