Герцовіч Якаў

Герцовіч Якаў Бенцыянавіч (1.1.1910 Сяліба, цяпер Бярэзінскі р-н Мінскай вобл. — 21.4.1976, Мінск). Крытык. Сябра СП з 1948 г. 

Нарадзіўся ў сям’і рабочага. З 12 гадоў працаваў на лесапільным заводзе “Кастрычнік” у Асіповіцкім раёне, быў конюхам у калгасе. У 1936 г. закончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску. Працаваў журналістам. У час Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнт газет Заходняга, а затым 3-га Беларускага франтоў. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Звязда”, з 1953 г. — у часопісе “Вожык”, у 1967—1970 гг. намеснік галоўнага рэдактара гэтага часопіса. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі. Сябра СП СССР з 1948 г.

Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска (пахаванне не выяўлена).

Дэбютаваў у друку ў 1936 г. Выступаў з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Аўтар зборнікаў артыкулаў “На перадавых пазіцыях” (Мінск, 1957), “Літаратура і жыццё народа” (Мінск, 1960), “Герой і сучаснасць” (Мінск, 1963), “Пісьменнікі, кнігі, героі” (Мінск, 1966), “Творчае крэда” (Мінск, 1970), нарыса “Анастасія Міцкевіч” (Мінск, 1939), кніжкі гумарэсак “Не пугай адзінай” (Мінск, 1969). Выдаў франтавыя нататкі “На вайне як на вайне” (Мінск, 1969).

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55: Збор дакументаў дзеячаў літаратуры).