Геніюш Ларыса

Геніюш Ларыса Антонаўна (дзяв. Міклашэвіч, 9.8.1910, маёнтак Жлобаўцы, цяпер Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл. — 7.4.1983, Зэльва, Гродзенская вобл.). Паэтка, празаік. 

Нарадзілася ў шматдзетнай праваслаўнай сям’і землеўласнікаў. Вучылася ў польскай школе, у 1928 г. закончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. У 1935 г. пабралася шлюбам са студэнтам-медыкам Янкам Геніюшам, які вучыўся ў Карлавым універсітэце Прагі (Чэхаславакія). У 1937 г. пераехала да мужа ў Прагу. Падчас нямецкай акупацыі Чэхаславаччыны ўдзельнічала ў рабоце пражскага Беларускага камітэта самапомачы. У сакавіку 1943 г. была прызначаная Генеральным сакратаром Урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР, апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. З 1945 г. улады СССР дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну “антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць” у час вайны. Пад канец 1947 г. перабралася з мужам з Прагі ў Вімперк. 5 сакавіка 1948 г. арыштаваная, 12 жніўня яе разам з мужам перадалі ўладам СССР, перад гэтым пазбавіўшы грамадзянства Чэхаславакіі. Утрымлівалася ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 г. у турме КДБ ў Мінску. У лютым 1949 г. Вярхоўным Судом БССР прысуджана да 25 гадоў зняволення ў лагерах паводле артыкулаў “Аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі” і “Удзел у антысавецкай арганізацыі”. Да такога ж тэрміну быў прыгавораны і Янка Геніюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Інты і Абезі (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР. У лагерах працягвала пісаць вершы для беларускіх вязняў. У 1956 г. тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве.

Пахаваная на могілках г. п. Зэльва, Гродзенскай вобл. У 2003 г. у Зэльве Ларысе Геніюш быў усталяваны помнік, знесены ў 2023 г.

Дэбютавала ў друку ў 1939 г. публікацыяй вершаў у беларускай берлінскай газеце “Раніца”. У час вайны друкавалася ў газетах “Раніца”, “Беларускі работнік”, “Новы шлях” і інш. Аўтар зборнікаў паэзіі “Ад родных ніў” (Прага, 1942; факсімільнае выданне: Слонім, 1995), “Невадам з Нёмана” (Мінск, 1967), “Маці і сын” (Беласток, 1972), “На чабары настоена” (Мінск, 1982), “Dzieviać vieršaū” (Biełastok, 1987), “Белы сон” (Мінск, 1990), “Вершы: рукапісны зборнік з 1945―47 гг.” (Лондан, 1992), кніг вершаў для дзяцей “Казкі для Міхаські” (Мінск, 1972), “Добрай раніцы, Алесь” (Мінск, 1976). Выдадзены Збор твораў у 2-х тамах (Мінск, 2010), зборнікі выбраных твораў “Выбраныя вершы” (Мінск, 1997), “Ларыса Геніюш. Выбраныя творы” (Мінск, 2000”, “Гасціна: Выбранае” (Мінск, 2000), кнігі ўспамінаў “Споведзь” (Мінск, 1993), “Ptaki bez gniazd” (Białystok, 2012), “Paní doktorová 0-287, aneb Z Československa do gulagu” (Dolní Kounice, 2018) і зборнікі лістоў “Лісты з Зэльвы” (Гародня-Wroclaw, 2012) і “Каб вы ведалі” (Мінск, 2005).

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (фонд 31).