Галавач Платон Раманавіч (18.4.1903, в. Пабокавічы, цяпер Бабруйскі р-н, Магілёўская вобл. — 29.10.1937, Менск, НКУС). Празаік, дзяржаўны дзеяч.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў царкоўна-прыходскай школе, яшчэ ў школьныя гады пачаў удзельнічаць у літаратурным гуртку. Актыўна ўдзельнічаў у ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, арганізаваў клуб і хату-чытальню. У 1922—1923 гг. інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола, у 1923 г. уступіў у ВКП(б), з 1926 г. загадчык аргаддзела, з 1928 г. першы сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1922—1923 гг. вучыўся ў Мінскай партшколе, у 1926 г. закончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі. У 1929—1930 гг. намеснік наркама асветы БССР. Быў адказным рэдактарам газеты “Чырвоная змена”, рэдактарам часопісаў “Маладняк”, “Полымя”. Адзін з лідараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і БелАПП. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г. Арыштаваны 11 жніўня 1937 г. Выключаны з ВКП(б). 28 кастрычніка 1937 г. прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны 25 ліпеня 1956 г.
Месца пахавання невядомае. У Бабруйску яго імем названы вуліца і завулак.
Дэбютаваў у друку ў 1921 г. Першае апавяданне “Загубленае жыццё” апублікавана ў газеце “Савецкая Беларусь” у 1925 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў “Дробязі жыцця” (Менск, 1927), “Хочацца жыць” (Менск, 1930), “Апавяданні” (Менск, 1934), аповесцей “Вінаваты” (Менск, 1930), “Спалох на загонах” (Менск, 1930; па-польску: Minsk, 1933), “Даляры” (Менск, 1931), “Носьбіты нянавісці” (1936, часопіс “Полымя рэвалюцыі”), “Яны не пройдуць! ” (1937, часопіс “Полымя рэвалюцыі”), рамана “Праз гады” (Менск, 1935; па-польску: Minsk, 1936; па-украінску: Киïв, 1963), нарыс пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала “Ад Мядзведжай гары да Белага мора” (Менск; 1934). Выдадзены Збор твораў у 3-х тамах (Мінск, 1958).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 58).