Габрусь Тамара Віктараўна (нар. 2.10.1945, Мінск). Гісторык архітэктуры, мастацтвазнавец, паэтка. Уваходзіла ў сябры СБП.
Закончыла архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (1968). У 1968—1970 гг. архітэктар, старшы архітэктар інстытута “Белпрампраект”. У 1969—1973 гг. у аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўста, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1973—1974 гг. старшы архітэктар-рэстаўратар Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР. У 1974—1980 гг. навуковы рэдактар па архітэктуры выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. У 1979—1980 гг. в.а. загадчыцы рэдакцыі культуры і мастацтва; з 1980 г. старшы навуковы супрацоўнік, з 2003 ог. Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Сябра рэдкалегій часопісаў “Спадчына” і “Роднае слова”. У 2003—2008 гг. сябра Рэспубліканскай мастацка-экспертнай рады па манументальным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Кандыдат архітэкстуры (1979), доктар мастацтвазнаўства (2002), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры. Сябра Саюза архітэктараў СССР (з 1974 г.), Саюза мастакоў Беларусі (з 1999 г.), Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2004 г.). Узнагароджана медалём Францыска Скарыны.
Даследуе гісторыю беларускага дойлідства. Аўтарка кніг “Помнікі манументальнага дойлідства Міншчыны” (Мінск, 1991), “Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока” (Мінск, 2001), “Саборы помняць усё” (Мінск, 2007), “Паэзія архітэктуры” (Мінск, 2012), “Сакральнае дойлідства Беларусі: 1000-гадовая спадчына” (Мінск, 2014), “Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі” (Мінск, 2020), паэтычных зборнікаў “Каб было вам шчасця-долі” (Мінск, 1998), “Дар чалавечы” (Мінск, 2003), “Спеў пеўня: амаль поўны збор габак з сяброўскім дадаткам” (Мінск, 2017). Укладальніца кнігі “Страчаная спадчына” (Мінск, 1998).