Есакоў Алесь Аляксандравіч (18.12.1911, в. Новікава, Галіцкі р-н Кастрамской вобл., Расія — 13.6.1985, Мінск). Крытык, тэатразнаўца. Сябра СП з 1947 г.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Працоўны шлях пачаў на Менскай шчотачнай фабрыцы імя Н.К.Крупскай у 1928 г. Быў артыстам і загадчыкам літаратурнай часткі Тэатра рабочай моладзі. Вучыўся на рабфаку, у Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А.В.Луначарскага (1932—1935). Служыў у Чырвонай Арміі (1935—1936). З 1936 г. загадчык аддзела мастацтва ў газеце “Літаратура і мастацтва”, з 1938 г. дырэктар Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1940 г. начальнік аддзела тэатраў Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР. Удзельнічаў як ваенны журналіст у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ў савецка-фінляндскай вайне. Падчас Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі, потым у партызанскім атрадзе на Міншчыне. Быў паранены. Пасля вайны працаваў начальнікам Галоўрэперткома БССР (1944—1945), загадчыкам аддзела ў газеце “Літаратура і мастацтва” (1945—1951), літкансультантам у СП БССР (1951—1960). У 1960—1974 гг. вучоны сакратар Літаратурнага музея Янкі Купалы. Узнагароджаны медалямі. Сябра СП СССР з 1947 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1928 г. Аўтар кнігі “Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы” (Мінск, 1977), манаграфічнага нарыса “Уладзімір Крыловіч: жыццёвы і творчы шлях” (Мінск, 1956), нарысаў “Калгасны хор сяла Азершчына” (з Б.Смольскім, Мінск, 1953) і “Старэйшы самадзейны калектыў” (Мінск, 1958), манаграфіі “Янка Купала і беларускі тэатр” (Мінск, 1972), брашуры “Янка Купала і беларускае мастацтва” (Мінск, 1972), адзін з аўтараў п’есы “Першы штандар” (1930, пастаўлена ў 1929).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 313).