Дзюбайла Павел Кузьміч (5.8.1931, в. Кукарава, Бярэзінскі р-н Мінскай вобл. — 24.1.1995, Мінск). Літаратуразнаўца, крытык. Сябра СП з 1967 г.
Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1954). Настаўнічаў, з 1960 г. — у Інстытуце літаратуры АН БССР. Доктар філалагічных навук (1973), прафесар (1982). Сябра СП БССР з 1967 г.
Пахаваны ў в. Кукарава Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Друкаваўся з 1950 г. Даследаваў сучасную беларускую літаратуру, асноўныя тэндэнцыі і заканамернасці развіцця рамана, кірункі ў прозе. Аўтар кніг “Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне” (Мінск, 1964), “Праблемы сучаснай беларускай прозы” (у суаўтарстве; Мінск, 1967), “Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць” (у суаўтарстве; Мінск, 1971), “Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе” (Мінск, 1973), “Сучасная беларуская проза” (Мінск, 1975), “Вобраз нашага сучасніка ў беларускай прозе” (Мінск, 1978), “Беларускі раман: Гады 70-я” (Мінск, 1982), “Наш сучаснік ― у жыцці і літаратуры” (Мінск, 1984), “У пошуках духоўных каштоўнасцей” (Мінск, 1987), “Вялікі Кастрычнік і сучасная беларуская літаратура” (Мінск, 1988), “Станоўчы герой у беларускай літаратуры” (Мінск, 1990), “Час, літаратура, крытыка” (Мінск, 1992), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў “У вялікай дарозе” (Мінск, 1981), “Панарама сучаснай беларускай прозы” (Мінск, 1986). Лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980) за ўдзел у 2-томным даследаванні “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры” і “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры” (1977).