Дзеружынскі Авяр’ян Сафронавіч (10.6.1919, в. Хляўно, цяпер Кармянскі р-н Гомельскай вобл. — 4.1.2002, Мінск). Паэт. Сябра СП з 1964 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў Магілеўскі газетны тэхнікум (1937), затым Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнт і супрацоўнік газет у Краснаярскім краі, Калінінскай вобласці, Маскве. У 1945—1949 гг. загадчык аддзела газеты “Чырвоная змена”. З 1949 г. рэдактар выдавецтва “Беларусь”, з 1972 г. — выдавецтва “Мастацкая літаратура”, у 1981—1984 гг. — выдавецтва “Юнацтва”. Узнагароджаны медалём. Сябра СП СССР з 1964 г.
Пахаваны ў Мінску (?).
Дэбютаваў у друку ў 1939 г. Аўтар зборнікаў вершаў “Песні маладосці” (Мінск, 1959), “Калінавы цвет” (Мінск,1961), “Бярозавы вецер” (Мінск, 1990), “Веснавей” (Мінск, 1994), кніг вершаў для дзяцей “Цуды ёсць на свеце” (Мінск, 1960), “Дзе жыве зіма” (Мінск, 1962), “Карагод” (Мінск, 1963), “Ляцелі дзве птушкі” (Мінск, 1964), “Яе завуць Каця” (Мінск, 1965), “Кую-кую ножку” (Мінск, 1967), “Смешкі і пацешкі” (Мінск, 1968), “Добры ветрык” (Мінск, 1969), “Чабарок” (Мінск, 1970), “Ластаўка” (Мінск, 1971), “Бегунок” (Мінск, 1972), “Каласок” (Мінск, 1975), “Конікі-будаўнікі” (Мінск, 1977), “Цягнік-працаўнік” (Мінск, 1978), “Вясёлікі” (выбранае; Мінск, 1979), “Добрае сэрца” (Мінск, 1980), “Касмічны агарод” (Мінск, 1981), “Той, хто працуе…” (Мінск, 1984), “Працалюбы” (Мінск, 1987), “Залаты каласок” (Мінск, 1989), “Жывая азбука” (Мінск, 1995), “Азбукі” (Мінск, 1997), “Вернасць” (Мінск, 1998), зборніка гумару і сатыры “Мая жонка – весялуха” (Мінск, 1997). Лаўрэат Лтаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1999).