Дзяргай Сяргей Сцяпанавіч (17.9.1907, Мінск — 25.12.1980, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1950 г.
Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Закончыў 1-ю Менскую чыгуначную сямігадовую школу (1924), затым 3-гадовыя агульнаадукацыйныя курсы (1927). Не вучыўся далей праз благі стан здароўя. Шмат займаўся самаадукацыяй. У сярэдзіне 1930-х працаваў карэктарам у друкарні газеты “Звязда”. Арыштаваны ў 1935 г., асуджаны за “антысавецкую агітацыю” да 3 гадоў ППК і аднаго года пазбаўлення правоў. Зноў арыштаваны ў 1939 г., высланы ў Казахстан. Пасля вызвалення з 1941 г. жыў у Новабеліцы пад Гомелем, падчас Вялікай Айчыннай вайны падтрымліваў сувязь з партызанамі, уваходзіў у падпольную антыфашысцкую групу. З 1946 г. — у Мінску. Працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Полымя” (1951—1953), адказным сакратаром, рэдактарам аддзела літаратуры часопіса “Вожык” (1953—1967). Узнагароджаны медалямі. Член СП БССР з 1950 года.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Дэбютаваў вершам у 1938 г. у газеце “Літаратура і мастацтва”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Вачыма будучыні” (Мінск, 1953), “Крэмень аб крэмень” (Мінск, 1958), “Цешча” (Мінск, 1959), “Чатыры стыхіі” (Мінск, 1962), “Свята ў будзень” (Мінск, 1964), “Салата з дзядоўніку” (Мінск, 1967), “Выбранае” (Мінск, 1967), “Вершы” (Мінск, 1974), “На вогненнай сцяжыне: Выбранае” (Мінск, 1977). Пераклаў на беларускую мову паэмы “Гражына” А. Міцкевіча, “Дванаццаць” А. Блока, “На ўвесь голас” У. Маякоўскага, “1905 год” Б. Пастарнака, “Сінія гусары” М. Асеева, “Бацька зачумленых” Ю. Славацкага, “Сын” П. Антакольскага, паасобныя творы М. Канапніцкай, У. Бранеўскага, Ю. Тувіма, І. Бехера, Г. Зегерс, М. Лермантава, С. Шчыпачова, Л. Украінкі, Л. Гіры і інш. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік вершаў і паэм “Чатыры стыхіі”.