Дукса Мар’ян Мікалаевіч (5.4.1943, в. Каракулічы, цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 19.4.2019). Паэт. Сябра СП з 1969 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1958—1960 гг. вучыўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, пасля працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. Закончыў філалагічны факультэт БДУ (1969). У 1969—1987 гг. працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Солах. Ганаровы грамадзянін Смаргоні (2013). Сябра СП БССР з 1969 г.
Пахаваны ў в. Солы.
Дэбютаваў у друку вершам у 1960 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Спатканне” (Мінск, 1967), “Крокі” (Мінск, 1972), “Станцыя” (Мінск, 1974), “Прыгаршчы суніц” (Мінск, 1976), “Забытыя словы” (Мінск, 1979), “Зона супраціўлення” (Мінск, 1982), “Твая пара сяўбы” (Мінск, 1985), “Заснежаныя ягады” (Мінск, 1989), “Горн прымірэння” (Мінск, 1993), “Валуны на пагорках” (Мінск, 1994), “Прыйсці да алтара” (Мінск, 2003), “Птушка вечнасці — душа” (Мінск, 2015), кніг вершаў для дзяцей “Зялёны акварыум” (Мінск, 1980), “Світаюць сосны” (Мінск, 1986), “Працавітае сонца” (Мінск, 1994), “Нябесны караван” (Мінск, 1998), кнігі “Паэтычны каляндар: каталіцкія святы ў вершах і малюнках” (Мінск, 2020). Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А.Куляшова (1990) за кнігу паэзіі “Заснежаныя ягады” (1989).