Дуброўскі Ігнат (сапр. Чарняўскі Ігнат Цімафеевіч) (4.9.1906, в. Дуброва, цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл. — 2003). Празаік, нарысіст. Сябра СП з 1951 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1925) працаваў загадчыкам магазіна спажывецкай кааперацыі ў сваёй вёсцы, справаводам сельсавета, загадчыкам аддзела прапаганды, затым сакратаром райкома камсамола ў Астрашыцкім Гарадку. У 1928—1929 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках (1931) і аспірантуру пры Усесаюзным інстытуце эканомікі сельскай гаспадаркі ў Маскве (1937), дзе пасля працаваў намеснікам дырэктара па навучальнай частцы. З 1937 г. загадчык сектара аграрных праблем Інстытута эканомікі АН БССР. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуаваны з сям’ёй у Пензу, дзе працаваў начальнікам упраўлення абласнога зямельнага аддзела. У канцы 1941 г. пайшоў на фронт, камандаваў батарэяй. Быў цяжка кантужаны і паранены пры абароне Масквы. Быў вязнем фашысцкага канцлагера (Франкфурт-на-Майне). У 1945—1976 гг. зноў загадваў сектарам аграрных праблем Інстытута эканомікі АН БССР. Навуковец у галіне сельскай гаспадаркі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1937). Заслужаны работнік культуры БССР (1981). Узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Дружбы народаў, Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Сябра СП СССР з 1951 г.
Пахаваны ў Мінску.
Дэбютаваў вершамі ў 1927 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў “Радня” (Мінск, 1954), “Паўз самыя вокны” (Мінск, 1961) і нарысаў “Светлы шлях” (Мінск, 1959), “Да долі чалавечай” (Мінск, 1970), “Гамоніць Палессе” (Мінск, 1977), “На новыя кругі” (Мінск, 1980), “Час сеяць і час жаць” (Мінск, 1982), “Красна хата не толькі пірагамі” (Мінск, 1988), аповесцей “Зямля маладзее” (Мінск, 1952), “Зямныя вузлы” (Мінск, 1967), дакументальнага рамана “Гаснуць вулканы” (Мінск, 1997), крытычнага даследавання “Нялёгкі хлеб” (Мінск, 1990), шэрагу навуковых прац па праблемах развіцця сельскай гаспадаркі.