Дубовік Мікола (28.7.1905, в. Каменка, цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 30.6.1928). Паэт-маладняковец.
Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Нягледзячы на матэрыяльныя складанасьці скончыў агульнаадукацыйныя курсы (1923) і паступіў на факультэт грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым перавёўся на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта. У 1926 г. быў дэлегатам Першага з’езду “Маладняка”. Некалькі разоў кідаў вучобу, служыў у арміі. Трагічна загінуў падчас купання салдатаў у р. Бярэзіна пад Бабруйскам.
Пахаваны на брацкіх могілках каля Бабруйска.
Ад сярэдзіны 1920-х актыўна публікаваўся ў перыядычным друку, часопісах “Чырвоны Сьцяг”, “Узвышша”, “Маладняк”, “Аршанскі маладняк”, полацкім альманаху “Наддзвінне”. Захапляўся паэзіяй Дж. Байрана, І. Гётэ, Ф. Шылера. Паэт Янка Бобрык, яго сябар, напісаў верш на смерць Дубовіка ў часопісе “Маладняк”, таксама памяці маладога творцы прысвяцілі свае вершы Алесь Звонак і Валерый Маракоў.