Дранько-Майсюк Леанід Васільевіч (нар. 10.10.1957, Давыд-Гарадок, Столінскі р-н Брэсцкай вобл.). Паэт. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў давыд-гарадоцкую сярэднюю школу № 2 (1974). Працаваў на мясцовым заводзе слясарна-мантажнага існтрументу (1974—1976). Дзякуючы расійскай пісьменніцы Лідзіі Абухавай, паступіў на завочнае аддзеленне маскоўскага Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага ў паэтычны семінар Д. Кавалёва (1975). Быў прызваны на службу ў армію (1976). Адслужыўшы, перавёўся ў Літаратурным інстытуце на вочнае навучанне ў семінар — спачатку С. Смірнова і У. Мількова, а пазней — Я. Ісаева і У. Мількова (1978). Паcля вучобы з Масквы пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у выдавецтве “Мастацкая літаратура’ (1982). Са жніўня 2002 года – на вольнай працы. Сябра СП СССР з 1984 г.
Першыя вершы надрукаваў у столінскай раённай газеце “Навіны Палесся” ў 1972 г., у рэспубліканскім друку выступіў у 1975 г. (газета “Чырвоная змена”). Аўтар кніг паэзіі і прозы “Вандроўнік” (Мінск, 1983), “Над пляцам” (Мінск, 1986), “Тут” (Мінск, 1990), “Проза радости” (Москва, 1991), “Пра тое, як я…” (Мінск, 1992), “Акропаль” (Мінск, 1994), “Стомленасць Парыжам” (Мінск, 1995), “Гаспода” (Мінск, 1998), “Места і свет” (Мінск, 2000), “Паэтаграфічны раман” (Мінск,, 2002), “Вершы. Каханне. Проза” (Мінск, 2003), “Белая вежа” (разам з Юрыем Кабанковым; Владивосток, 2004), “Цацачная крама” (Мінск, 2008), “Анёлак і я” (Мінск, 2009), “Кніга для спадарыні Эл” (Мінск, 2012), “…Натуральны, як лінія небасхілу” (Мінск, 2017), ““Усе бачылі нястачу віна…” аповесць пра Адама Станкевіча” (Мінск, 2020), “Скарб” (Мінск, 2021). Асобныя вершы Л.Дранько-Майсюка пакладзены на музыку. Лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” за нізку апавяданняў у часопісе “Дзеяслоў” (2005).