Дорскі Сямён Львовіч (20.10.1920, Менск — 14.1.1992, Мінск). Перакладчык. Сябра СП з 1980 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. Брат драматурга Іосіфа Дорскага. Завочна Закончыў Маскоўскія курсы замежных моў з дыпломам перакладчыка (1939). Перад Вялікай Айчыннай вайной закончыў тры курсы гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У чэрвені 1941 г. эвакуаваны ў Куйбышаўскую вобласць Расіі, дзе працаваў у калгасе, у верасні пераехаў ва Уральск, выкладаў гісторыю ў сярэдняй школе №1. У 1942—1943 гг. курсант Ленінградскага ваеннага вучылішча сувязі (Уральск). У 1943—1946 гг. у Савецкай Арміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Мінск, у 1946—1947 гг. працаваў перакладчыкам ва Упраўленні забеспячэння ЮНРРА (Упраўленне ААН па аказанні дапамогі і рэабілітацыі) пры Савеце Міністраў БССР. У 1947 г. закончыў факультэт замежных моў Мінскага педагагічнага інстытута. У 1947—1955 гг. выкладчык англійскай мовы, у 1955—1962 гг. загадчык кафедрай англійскай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1962—1983 гг. дацэнт кафедры лексікалогіі (пазней стылістыкі) англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Кандыдат філалагічных навук. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і медалямі. Сябра СП БССР з 1980 г.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Літаратурную дзейнасць пачаў з вершаў (газета “Уральская праўда”, 1941—1942). З 1957 г. займаўся перакладчыцкай працай з англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай моў на беларускую мову. Пераклаў раман П.Абрахамса “Вянок для Удома” (1959), аповесці Л.Рэна “Негр Нобі” (1962), П.Джойса “Цікі” (1977), кнігу казак Г.Прокапа “Пятае кола” (1980), аповесць Д.Алонса “У пошуках чорнай чайкі” (1982), раман І.Кардэнаса Акуньі “Загадка адной нядзелі” (1986), раман К.Маккалаў “Птушкі на цернях” (1983), п’есу Э.Заля “Наследнікі Рабурдэна” (пастаўлена ў 1960).