Дарожны Сяргей

Дарожны Сяргей (сапр. Серада Сяргей Міхайлавіч) (25.2.1909, Слонім, цяпер Гродзенская вобл. — 19.7.1943, Камсамольск-на-Амуры, ГУЛАГ). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1934 г.

Нарадзіўся ў Слоніме ў сям’і ў сям’і служачага. З 1921 г. выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме. Вучыўся ў Менскім педагагічным тэхнікуме, на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (закончыў у 1930 г.). Працаваў на шкляной гуце ў Барысаве, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыль-рэдактарам часопіса “Работніца і сялянка Беларусі” і ў 1933 г. на радыё. Быў сябрам літаратурных арганізацый “Маладняк”, “Узвышша”. Сябра СП СССР з 1934 г. У 1936 г. арыштаваны і прысуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі, загінуў у ГУЛАГу, у Камсамольск-на-Амуры, Хабараўскі край, РФ. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Месца пахавання невядомае.

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1925 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Звон вясны” (у сааўтарстве з І.Плаўнікам; Менск, 1926), “Васільковы россып” (Менск, 1929), “Пракосы на памяць” (Менск, 1932). Выдадзеныя “Выбраныя вершы” (Мінск, 1966). Пераклаў на беларускую мову раман Г.Караваевай “Лесазавод” (Менск, 1932), асобныя творы Ў.Караленкі, А.Новікава-Прыбоя, Дз.Беднага, С.Кірсанава, І.Уткіна, М.Кальцова.