Данільчык Аксана Аляксееўна (нар. 15.11.1970, Мінск). Паэтка, перакладчыца. Уваходзіла ў сябры СБП.
Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1993) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі (1996). Па стыпендыі Міністэрства замежных спраў вучылася ў Перуджы (Італія). Кандыдат філалагічных навук (2002). Кандыдацкую дысертацыю абараніла па тыпалогіі беларускай і італьянскай літаратур другой паловы ХХ ст. (канцэпцыя чалавека ў прозе аб Другой сусветнай вайне).
Вершы друкаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях, уваходзілі ў калектыўныя зборнікі і анталогіі, сярод якіх “Агледзіны” (1998), “Краса і сіла” (2003), “Poems on liberty” (2004), “Дзень паэзіі 2005” і інш. Аўтарка паэтычных зборнікаў “Абрыс Скарпіёна” (Мінск, 1996), “Il Mezzogiorno. Поўдзень” (Мінск, 2006), “Сон, які немагчыма забараніць” (Мінск, 2011),”Блюмэнштрасэ” (электронная кніга, 2018), кнігі вершаў для дзяцей “Павуцінка на агрэсце” (Мінск, 2005). У 2019 г. у Італіі выйшла кніга вершаў “Il canto del ghiaccio”. Аўтарка манаграфіі “Essentia Hominis : канцэпцыя чалавека ў беларускай і італьянскай прозе ХХ стагоддзя на тэму Другой сусветнай вайны” (Мінск, 2022). Укладальніца Анталогіі беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы” (разам з В. Жыбулем, 2017), зборнікаў выбраных вершаў Зінаіды Бандарынай “Да новага заўтра” (2023), Яўгеніі Пфляўмбаўм “Сонца” (2023). Перакладае з італьянскай мовы. Пераклады друкаваліся ў часопісах “Крыніца”, “Наша вера”, “Дзеяслоў”, “Верасень” і інш., увайшлі ў анталогію “Галасы з-за небакраю”, выходзілі асобнымі выданнямі. Лаўрэатка прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф”за найлепшую публікацыю ў намінацыі “Паэзія” (2021).