Будзька Эдвард

Будзька Эдвард Адамавіч (22.3.1882, м. Будслаў Вялейскага пав., цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 14.8.1958, Чыкага, Ілінойс, ЗША). Паэт, публіцыст.

Вучыўся ў Рыжскім політэхнічным інстытуце. Друкаваўся ў газеце “Наша ніва”. У 1916 г. быў рэдактарам часопіса “Сьветач” у Петраградзе. Удзельнік Першага Усебеларускага кангрэсу 1917 г. 8 чэрвеня 1918 г. для каардынацыі дзейнасці ў справе вяртання бежанцаў быў скіраваны Народным сакратарыятам Беларусі ў Вільню. У 1918 г. быў адным з арганізатараў Будслаўскай беларускай гімназіі. Па яе закрыцці ў 1919 г. займаўся арганізацыяй беларускай кааперацыі. У 1921—1922 гг. — арганізатар настаўніцкіх курсаў у Дзвінску. Пазней жыў з сям’ёй у Вільні. У часе нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах. Ад лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне. Жыў у беларускім лагеры DP у Ватэнштэце. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Пасяліўся ў Чыкага. Быў сябрам Беларуска-Амерыканскай нацыянальнай рады.

Пахаваны на могілках Св. Войцеха / Св. Адальберта (Saint Adalbert Cemetery) у Чыкага.

Друкаваў з 1906 г. на старонках газеты “Наша ніва” і ў яе календарах вершы, пераклады, публіцыстычныя нататкі. Пазней друкаваўся на старонках газеты “Дзянніца”, у эміграцыі — у газеце “Бацькаўшчына” (Нямеччына). Аўтар кнігі “Што такое простая і што такое мудрэйшая гаворка” (Вільня, 1920). Пакінуў успаміны пра А. Гаруна, В. Ластоўскага і інш.