Бразгуноў Алесь

Бразгуноў Алесь Уладзіміравіч (псеўд. Алесь Дзітрых, нар. 29.07.1972). Літаратуразнаўца-медыявіст, паэт і перакладчык.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1994). Працаваў у аддзеле даўняй і новай беларускай літаратуры Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі (пазней — у Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі). Кандыдат філалагічных навук.

Аўтар навуковай манаграфіі “Перакладная белетрыстыка Беларусі XV—XVII стст.” (Мінск, 2007); укладальнік і перакладчык кнігазбораўскага тома “Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан…” (Мінск, 2009), выданняў “Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст.” (Мінск, 2011), “Дыярыушы XVII стагоддзя (1594 – 1707 гады)” (Мінск, 2016), “Біблія Францыска Скарыны” (Мінск, 2023). Адзін з аўтараў “Анталогіі даўняй беларускай літаратуры XI — першай паловы XVIII ст.” (Мінск, 2003; 2-е выд. — 2005), а таксама факсімільнага выдання рукапісу рыцарскага рамана XVI ст. “Białoruski Tristan. Беларускі Трышчан” (Вроцлаў, 2007). Аўтар паэтычнага зборніка “Ізмарагд” (Мінск, 2010).