Бохан Дарафей Дарафеевіч (4.2.1878, Мінск — 1942, Тэгеран, Іран). Паэт, празаік, журналіст.
Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваенны вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі (штабс-капітан артылерыі). У 1905 г. за ўдзел у палітычнай дэманстрацыі пераведзены ў Вільню. У 1907 г. атрымаў 8 месяцаў турмы за публікацыю антыўрадавых матэрыялаў. У 1919—1920 гг. быў супрацоўнікам Наркамату асветы БССР. У канцы 1920 г. збег з сям’ёй у Вільню. Займаўся арганізацыяй лекцый, літаратурных вечарын, кіраваў Літаратурна-артыстычнай секцыяй Віленскага рускага таварыства (у 1936 г. стала самастойнай літаратурнай групай “Віленская супольнасць паэтаў”. Быў старшынёй паэтычнай літаратурнай суполкі “Барка паэтаў” пры Віленскім універсітэце імя С. Баторыя. У 1939 г. арыштаваны савецкімі ўладамі і вывезены ў Сібір. Уступіў у Армію Андэрса.
Памёр у Тэгеране, дзе знаходзіўся з войскам.
З 1897 г. займаўся журналістыкай. Супрацоўнічаў з газетамі “Минский листок”, “Северо-Западный край”, “Белорусская жизнь” і інш., пазней з віленскімі выданнямі “Виленское утро”, “Наша жизнь”, “Наше время” і інш. У 1901 г. у Мінску апублікаваў кнігу “Минские предания и легенды”. Пісаў пераважна па-руску. Аўтар празаічных твораў “Галя. Из сказок действительности” (1921), “Господь Бог и съезд советов (Рождественская легенда)” (1922), “По чужам углам” (1923), аповесці “Кудеяров вир” (1928), цыкла “Странные рассказы” (1936) і інш. Напісаў паэму “Из тьмы веков” (Лібава, 1904), а таксама паэтычныя творы “Спор. Маленький фельетон” (1921), “Светлый праздник” (1921), “Христос и Русь” (1929) і інш. Аўтар шэрагу артыкулаў пра беларускую, рускую, польскую літаратуру, фельетонаў. Апублікаваў працы “Адам Мицкевич. Биографический очерк” (Вильно, 1911), “Двенадцатая книга (О поэзии Игоря Северянина)” (Вильно, 1921). Перакладаў на рускую мову польскую паэзію, быў знаўцам польскай літаратуры. Яго пераклады вершаў польскіх паэтаў друкаваліся на старонках віленскіх рускамоўных газет (некаторыя выходзілі пад яго рэдакцыяй). Аўтар перакладу “Слова пра паход Ігараў” на сучасную рускую мову, надрукаванага пад загалоўкам “Игорь князь Северский. Древнерусская поэма” (Минск, 1897), твораў польскіх паэтаў і празаікаў у зборніку “Из польской поэзии” (Минск, 1905). Таксама перакладаў на рускую творы чэшскіх, літоўскіх і беларускіх паэтаў.