Бірала Захар Якаўлевіч (2(15).2.1906, в. Раўнаполле, цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. — 14.9.1993, Мар’іна Горка, Мінская вобл.). Паэт, сатырык. Сябра СП з 1980.
У 1928—1931 гг. вучыўся на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1934). У 1934-1936 гг. выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Лагойску. У 1936 г. рэпрэсаваны. Знаходзіўся ў зняволенні ў Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці. 24 верасня 1940 г. быў вызвалены. Працаваў настаўнікам у Сенніцкай сярэдняй школе Мінскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў з бацькамі, працаваў на ўласнай гаспадарцы ў вёсцы Астравы Рудзенскага раёна. Пасля вызвалення Беларусі (1944) прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, быў цяжка паранены. У 1945—1974 гг. выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Мар’інагорскім сельгастэхнікуме. Рэабілітаваны ў 1958 г. Сябра СП СССР з 1980 г. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Пахаваны ў Пухавічах, Мінская вобласць.
Друкаваўся з 1925 г. Выступаў пераважна ў жанры сатыры і гумару. Аўтар кніжак гумарыстычных вершаў “Смех і радасць вёскі” (Менск, 1929), “Цвітуць кветкі” (Мінск, 1963), “У пажарным парадку” (Мінск, 1968), “На светлым чорнае” (Мінск, 1974), “Прыляцела птушка” (Мінск, 1977), зборніка лірыкі, сатыры і гумару “Розы і крапіва” (Мінск, 1986).