Барысенка Васіль Васільевіч (25.4.1904, Барысаў, цяпер Мінская вобл. — 26.7.1984, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1937 г.
Працоўны шлях пачаў чорнарабочым на чыгунцы. Скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум (1924). Два гады працаваў настаўнікам у пачатковай школе. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1929), аспірантуру пры Беларускай акадэміі навук (1932). У 1931—1941 гг. і пасля вайны да 1966 г. выкладчык Мінскага педагагічнага інстытута. Адначасова з 1934 г. навуковы супрацоўнік, а з 1937 г. дырэктар Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі ў якасці карэспандэнта армейскай газеты. У 1946—1973 гг. дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1974 г. старшы навуковы супрацоўнік-кансультант гэтага ж інстытута. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1937 г. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1974).
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1932 г. Напісаў літаратуразнаўчыя працы “Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя” (Мінск, 1957), “Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.” (разам з В.Івашыным; Мінск, 1963), артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, В.Дуніна-Марцінкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Сааўтар (з В.Івашыным) падручніка для 8 класа “Беларуская літаратура” (1959—1978, 19 выданняў), адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” (Мінск, 1969), “Истории белорусской дооктябрьской литературы” (Мінск, 1977). Складальнік зборнікаў “Беларуская дакастрычніцкая проза” (Мінск, 1965), “Беларуская дакастрычніцкая паэзія” (Мінск, 1967). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні “История белорусской дооктябрьской литературы” і “История белорусской советской литературы”.