Барычэўскі Яўген Іванавіч (17.12.1883, Мінск — 12.9.1934, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца.
Скончыўшы Менскую гімназію, у 1903 г. паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, праз год перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1910) пакінуты пры ўніверсітэце, выкладаў рускую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы, займаўся навукова-літаратурнай дзейнасцю: у маскоўскіх часопісах і газетах друкаваў артыкулы і даследаванні. З восені 1918 г. прызначаны вучоным сакратаром Музейнага аддзела Наркамасветы. У пачатку 1922 г. быў запрошаны на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у Менскай цэнтральнай партыйнай школе (1924—1927), у Інбелкульце, потым у Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук (1927-1933). Быў рэпрэсаваны. Пасмяротна рэабілітаваны. Прафесар.
Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска (пахаванне страчанае альбо не выяўленае).
Пісаў на беларускай і рускай мовах. У 1922 г. у Маскве выйшла складзеная Я.Барычэўскім кніга “Мир искусств в образах”. У 1927 г. у Менску выдадзены працы “Тэорыя санету” і “Паэтыка літаратурных жанраў”. Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, рускіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў “Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, у часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”. Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў “Паэтыка. Курс для завочнага педфаку” (1929—1930). Браў удзел у падрыхтоўцы Збору твораў М.Багдановіча ў 2 тамах (1927—1928).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 329).