Баравікова Раіса Андрэеўна (нар. 11.5.1947, в. Пешкі, Бярозаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Пісьменніца, перакладчыца. Сябра СБП.
Працавала літсупрацоўнікам у Быхаўскай раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя”. Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). У 1971—1972 гг. працавала рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1972—1977 гг. карэспандэнт газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1983—1988 гг. літкансультант рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. У 1996—2000 гг. намеснік, у 2000—2002 ггг. галоўны рэдактар часопіса “Алеся”. У 2002—2011 гг. галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, потым супрацоўніца газеты “Літаратура і мастацтва”. Дэбютавала ў друку ў 1960 г. Аўтарка паэтычных зборнікаў “Рамонкавы бераг” (Мінск, 1974), “Слухаю сэрцам” (Мінск, 1978), “Такое кароткае лета” (Мінск, 1981), “Горицвет” (Москва, 1982), “Адгукніся голасам жалейкі” (Мінск, 1984), “Каханне” (Мінск, 1987), “Пад небам першага спаткання” (Мінск, 1990), “Люстэрка для самотнай” (Мінск, 1992), “Сад на капялюшыку каханай” (Мінск, 1998, па-руску: Минск, 2010)”, “Дрэва для райскай птушкі” (Мінск, 2007). Выдала аповесць “Кватарантка” (Мінск, 1980), кнігі казак і апавяданняў для дзяцей “Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў” (Мінск, 1990), “Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў” (Мінск, 2006, 2009, 2011, 2015, 2017), “Казкі з гербарыя” (Мінск, 2008), “Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў” (Мінск, 2010, 2021), “Матылёчкі-матылькі” (Мінск, 2014), “Бусева школка” (Мінск, 2015), “Пра Бусю, што жыве на Беларусі” (Мінск, 2016), “Пра Кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку” (Мінск, 2017), “Прыгоды залатога сабачкі Мупсі” (Мінск, 2021), зборнік вершаў для дзяцей “Ты не слухай Мішку, коцік!” (Мінск, 2013), зборнікі апавяданняў “Вячэра манекенаў” (Мінск, 2002), “Кава для дамавіка” (Мінск, 2013). Аўтарка п’есаў “Барбара Радзівіл” (паст. 1994), “Пятля часу” (паст. 1996). Лаўрэатка Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1988), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994).